«Я дзейнічаў паспешліва і дапусціў некалькі памылак». Сяргей Ціханоўскі запісаў відэа пра 100 дзён на волі
Сяргей Ціханоўскі, блогер і былы палітвязень, расказаў пра свае першыя сто дзён на свабодзе пасля пяці гадоў зняволення. У відэа ён адзначыў, што гэты перыяд быў складаным і насычаным: «Я дзейнічаў паспешліва і дапусціў некалькі памылак». Ціханоўскі кажа, што будзе працаваць на карысць дэмакратычных перамен у Беларусі і падтрымліваць людзей, якія змагаюцца за свабоду.
Сяргей Ціханоўскі. Скрын відэа
«Сто дзён таму з маёй галавы знялі мех, а з маіх рук — кайданкі. Калі я ўпершыню за некалькі гадоў паглядзеў на сябе ў люстэрка, я жахнуўся. Многія крытыкі сказалі, што ў такім стане нельга з'яўляцца перад камерамі, а трэба пачакаць некалькі месяцаў. Але немагчыма маўчаць, калі табе не давалі гаварыць пяць гадоў. Я не мог сабе гэтага дазволіць, і я вырашыў дзейнічаць. Дзейнічаючы паспешліва, я зрабіў некалькі памылак, але бяздзейнічаючы, я не зрабіў бы нічога», — кажа ён.
За гэты час ён прайшоў медыцынскае абследаванне. Ён займаецца здароўем — бегае ў любым горадзе, у любое надвор'е.
«Я аднаўляю карціну падзей, якія я прапусціў. Гэты працэс не завершаны, але мне ўжо бачныя многія рэчы. Я разумею, наколькі вырашэнне беларускага крызісу цяпер залежыць ад геапалітычных працэсаў. Гэта частка глабальнага супрацьстаяння», — кажа ён.
Ціханоўскі пачаў збіраць сваю каманду, паводле яго слоў, каля 500 чалавек выказалі жаданне да яе далучыцца. Створаны сайт руху «Краіна для жыцця» і персанальны сайт, і цяпер кожны можа аб'яднацца з аднадумцамі.
Ціханоўскі праводзіць сустрэчы з экс-палітвязнямі, з сем'ямі палітвязняў.
«Мне прыемна адзначыць, што мне ўдалося дапамагчы сабранымі для маёй рэабілітацыі грашыма. Яны пайшлі на аздараўленне дзяцей палітвязняў. Я даў велізарную колькасць інтэрв'ю, даў паказанні органам міжнароднай юстыцыі і расказаў пра злачынствы рэжыму. Я таксама ўзяў на сябе абавязак спрыяць вызваленню ўсіх палітвязняў і правёў дзясяткі сустрэч з прэзідэнтамі, прэм'ерамі, міністрамі замежных спраў, членамі парламентаў Еўропы і ЗША. Я лічу, што гэта самая важная і тэрміновая задача, улічваючы выпадкова адчыненае акно магчымасцяў. Але самае галоўнае — я працягваю сустракацца і абмяркоўваць праблемы з простымі беларусамі. Я чую іх і гатовы стаць іх голасам», — кажа ён.
Ціханоўскі таксама адзначыў, што хоча вывучыць англійскую мову, бо мэта — «размаўляць з заходнімі палітыкамі на адной мове і абараняць інтарэсы беларусаў».
«Я хачу і буду незалежным і самастойным. І я веру, што людзі ацэняць, што ў мяне ёсць сваё ўласнае меркаванне. Для мяне гэта важна», — сказаў ён.