Як праваслаўныя латышы хацелі адціснуць у католікаў храм пад Віцебскам
Летам 1871‑га ў маёнтку Выдрэя пад Віцебскам разгарэлася сапраўднае супрацьстаянне за невялікі храм паміж перасяленцамі-латышамі і мясцовымі католікамі, якім пасля паўстання 1863 года было ўсё цяжэй адстойваць свае правы. У ход пайшлі ўсе магчымыя аргументы: ад прававых і геаграфічных да моўных і архітэктурных.
Фота храма носіць ілюстрацыйны характар, выгляд касцёла ў Выдрэі невядомы. Фота: Wikimedia Commons, каларызаваны з дапамогай нейрасеткі
Падрабязна гісторыю суперніцтва распавядае гісторык-архівіст Канстанцін Карпекін у артыкуле, апублікаваным у свежым выпуску зборніка «Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі».
Усё пачалося з таго, што група латышоў з Ліфляндскай губерні выкупіла ў памешчыка Венядзікта Багамольца значны кавалак зямлі ў цэнтры маёнтка Выдрэя (сучасны Лёзненскі раён). Гэта былі не бедныя парабкі, а заможныя гаспадары: яны набылі 1360 дзесяцін зямлі, лес і нават карчму.
Сярод пакупнікоў былі носьбіты прозвішчаў, якія гучалі экзатычна для беларускай глыбінкі: Бушман, Ліндэнберг, Танэ, Шміт. Тры чвэрці з каланістаў лічыліся праваслаўнымі, чвэрць — лютэранамі.
Але маліцца разам з мясцовымі беларусамі яны не хацелі. Ім патрэбен быў свой храм, і яны хутка знайшлі прыдатны аб'ект — каталіцкую капліцу, якая стаяла літаральна за 250 метраў ад іх новых сядзіб.
Для карэнных католікаў гэта было месцам малітвы, цэнтрам жыцця ізаляванай супольнасці і памяці аб продках, пахаваных на прылеглых могілках. Для новых гаспадароў зямлі капліца — чужая святыня, але геаграфічна — самая блізкая.
Дайце храм, каб мы маглі русіфікавацца
Латышы дзейнічалі імгненна і агрэсіўна. Ужо праз некалькі тыдняў пасля пераезду 34 прадстаўнікі калоніі накіравалі хадайніцтва магілёўскаму губернатару. Схема адціскання капліцы была прадумана да дробязяў.
Яны прасілі пераасвяціць каталіцкую капліцу ў праваслаўную царкву, спасылаючыся на тое, што да бліжэйшага праваслаўнага храма ў Пагосцішчы ім хадзіць далёка (хоць гэта ўсяго 4 кіламетры).
Але галоўны козыр быў палітычным: перасяленцы абяцалі за свой кошт перарабіць касцёл і адкрыць пры ім вучылішча, каб вучыць сваіх дзяцей рускай мове і асновам праваслаўя. Для расійскіх уладаў, якія праводзілі палітыку русіфікацыі краю, гэта быў ідэальны сцэнарый.
Мясцовы паліцэйскі спраўнік адразу ж падтрымаў ідэю, даклаўшы, што перашкод для перадачы будынка няма.
Магілы продкаў як аргумент супраць русіфікацыі
Калі каталіцкая грамада даведалася пра пагрозу страты святыні, то мабілізавалася. У студзені 1872 года 53 вернікі накіравалі губернатару свой пратэст. Іх аргументы былі пазбаўлены палітычнага пафасу, затое паказвалі на жыццёвую неабходнасць.
Па-першае, капліца заўсёды была каталіцкай і дзейнічала паводле індульту (дазволу), выдадзенага мітрапалітам. Яе статус шматразова пацвярджаўся кансісторыяй.
Пра гэта ж сведчыла і тое, што каля капліцы былі пахаваны яе фундатары-католікі разам з членамі сваіх сямей, а таксама вакол капліцы распасціраліся могілкі, дзе былі пахаваны продкі і сваякі членаў каталіцкай грамады.
Па-другое, каталікі звярталі ўвагу, што капліца была прыпісаная да Бабінавіцкага касцёла, які знаходзіўся прыкладна за 20 вёрст, таму пажылыя і хворыя вернікі не маглі да яго дабірацца.
Вясной і восенню шляхі рабіліся непраходнымі з-за разліваў Чарніцы, Лучосы і Сухадроўкі, таму было прасцей некалькі разоў на год запрашаць у Выдрэю вікарыя з Бабінавічаў.
Дапамагчы вядрэйскім католікам спрабаваў і былы ўладальнік зямлі Венядзікт Багамолец. Ён даслаў ліст з Рыгі, у якім выкрыў юрыдычны нюанс, пра які латышы «забыліся».
Аказалася, што, прадаючы зямлю каланістам, памешчык пакінуў за сабой участак у дзве дзесяціны, на якім акурат і стаялі капліца з могілкамі.
Багамолец быў зацікаўлены кроўна: на гэтых могілках спачывалі яго бацька і бабуля. Ён нагадаў уладам, што пасля масавага закрыцця касцёлаў у 1860‑я гады, гэта значыць пасля паўстання, каталікам у акрузе і так няма дзе маліцца. А латышоў памешчык фактычна абвінаваціў у рэлігійным сепаратызме, заявіўшы, што яны наўмысна ігнаруюць мясцовую праваслаўную царкву і нават хаваюць сваіх нябожчыкаў асобна, не запрашаючы бацюшку, што ставіла пад сумнеў шчырасць іх намераў.
Праваслаўны «дэсант»
З іншага боку, праваслаўнае духавенства спрабуе пераканаць улады, што капліца «сама па сабе» бліжэй да ўсходняга абраду. Агляд паведамляе: будынак крыжападобны, з купалам, пераасвячалі калісьці ў гонар Перамянення Гасподняга. Нібыта гэта былы ўніяцкі храм, які пазней стаў каталіцкім.
Магілёўскі епіскап раіць перадаць храм праваслаўным, а архіепіскап Яўсевій дадае яшчэ адзін аргумент — моўны. Ён сцвярджае, што латышы не разумеюць рускай пропаведзі, таму ім жыццёва неабходны свой храм і святар, які валодае латышскай мовай.
Вырашэнне супрацьстаяння
Губернатар патрабуе фактаў — і атрымлівае грувасткія паліцэйскія справаздачы. Паліцыя зноў пералічыла вернікаў і выявіла, што капліцай карыстаюцца жыхары васьмі маёнткаў і адзінаццаці засценкаў — агулам больш за 300 чалавек. Гэта была ўжо сур'ёзная лічба, якую нельга было ігнараваць.
У выніку, нягледзячы на актыўны напор латышскай грамады і падтрымку праваслаўнай епархіі, улады не адважыліся на сілавы захоп. Да мая 1874 года пытанне вырашылася: капліца засталася каталіцкай.
Гісторык Канстанцін Карпекін мяркуе, што латышоў падвяла недаацэнка права прыватнай уласнасці — зямля ўсё ж належала Багамольцу — і змена палітычнага клімату. У 1870‑я гады хваля рэпрэсій супраць каталікоў у Расійскай імперыі крыху спала, і ўлады пачалі дзейнічаць больш асцярожна, выкарыстоўваючы мяккую сілу.
Дакументы 1920‑х гадоў сведчаць, што капліца засталася каталіцкай да самага прыходу савецкай улады.