БЕЛ Ł РУС

«Гэтыя словы злятаюць не з вуснаў аўтара, а ад адмоўных персанажаў». Праханаў апраўдваецца за раман, у якім зло выпісаў Пуціна

5.10.2025 / 13:25

Nashaniva.com

Расійскі пісьменнік і прапагандыст Аляксандр Праханаў выдаў раман «Лемнер», у якім цэнтральны персанаж створаны з заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. Распаўсюд кнігі забаранілі, не ў апошнюю чаргу, імаверна, праз вобраз, у якім можна ўгадаць цяперашняга кіраўніка Расіі. 

Аляксандр Праханаў. Фота: Pavel Byrkin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Цяпер Аляксандр Праханаў тлумачыць сваю пазіцыю.

Ён піша, што вакол рамана «Лемнер» разгараецца скандал. З яго выхопліваюць фразы, у якіх іранічна і зласліва гаворыцца пра героя рамана прэзідэнта Траевідава — у якім угледзелі вобраз цяперашняга прэзідэнта Расіі.

«Словы, прама скажам, не цукар. Але справа ў тым, што гэтыя словы вылятаюць не з вуснаў аўтара, не ад імя мастака, які піша раман, а ўкладзены ў вусны аднаго з самых адмоўных персанажаў рамана, якога потым забіваюць, топяць у ледзяной палонцы — палонцы рускай гісторыі, куды топяць усіх адмоўных герояў рамана, уключаючы і Лемнера — слабой копіі Яўгена Прыгожына», — піша Праханаў.

Ён лічыць, што нядобразычліўцы жадаюць наклікаць на аўтара рамана гнеў дзяржавы.

«Мая публічная пазіцыя гранічна ясная: я — дзяржаўнік, бачу ў прэзідэнце Расіі Пуціне ўвасабленне рускай гісторыі на яе ўзыходзячым вітку, калі воляю прэзідэнта Расія ад вялікіх узрушэнняў узыходзіць да велічы», — піша Праханаў.

Вобраз Леаніда Леанідавіча Траявідава, у якім угадваецца вобраз Уладзіміра Пуціна, насамрэч выглядае скандальна. Траявідаў захоўвае целы ворагаў у кабінеце і наталяецца крывёй цнатлівіц.

«Раз у месяц Леанід Траявідаў амалоджваўся, цалкам мяняў кроў. З Пекіна яму дасылалі фарфоравую вазу з ружовымі п'яўкамі. Гэтых п'явак насычалі крывёй кітайскіх нявінніц. П'яўкі прысмоктваліся да ягонага цела, пілі ягоную стомленую кроў, уліваючы наўзамен цнатлівую свежасць. Укусы ружовых п'явак былі далікатныя, як пацалункі», — апісаў Праханаў асаблівасці кіраўніка расійскай дзяржавы.

Расследавальнікі выдання «Праект» раней пісалі, што Пуцін насамрэч прымае ванны з крывёй ад абрэзаных у варварскай працэдуры рагоў алтайскіх маралаў. Эфект ад гэтай ванны навукова не даказаны, яна мае спецыфічны выгляд і пах. Але Пуціну падабаецца.

2 кастрычніка кніга Праханава нечакана знікла з каталога ў інтэрнэт-кнігарні «Чытай-горад», а на маркетплэйсе Ozon было адзначана, што папяровыя асобнікі ўжо раскупленыя.

Прэзентацыя рамана, прызначаная на 29 верасня ў Маскоўскім доме кнігі, таксама была адменена.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула