Частковы блэкаўт і пажар у Львове пасля масіраванага абстрэлу Расіі
У Львове раніцай 5 кастрычніка адбыліся магутныя выбухі ў выніку чарговага ракетнага ўдару Расіі. Частка горада засталася без электрычнасці, паведамілі ў мэрыі.
У выніку расійскіх удараў у Львове загарэўся індустрыяльны парк Sparrow
Паводле мэра Андрэя Садавога, святла няма ў некалькіх раёнах горада. Грамадскі транспарт не выходзіць на маршруты з-за пагрозы жыццю людзей.
Ранкам горад знаходзіўся пад інтэнсіўным расійскім абстрэлам. Расіяне атакавалі Львоў рознымі тыпамі ракет і беспілотнікаў. Каля 06:35 у горадзе прагучалі некалькі выбухаў пасля паведамленняў пра набліжэнне ракет «Кінжал».
Паводле мэра горада, у выніку атакі ў Львове загарэўся індустрыяльны парк Sparrow. Папярэдне, пацярпелых няма. Гэта грамадзянскі аб’ект, без якой-небудзь вайсковай складовай, удакладніў мэр горада.