БЕЛ Ł РУС

Дзядзька Алік у жыцці не п’е чарлік: гісторыя блогера, які парадзіруе выпівоху з вашага двара

4.10.2025 / 22:44

Nashaniva.com

Папулярны блогер Андрэй Хандога, больш вядомы ў вобразе алкаша з вашага двара — дзядзькі Аліка, наогул не вучыўся на артыста. Па сваёй прафесіі інжынера-эканаміста ён ніколі не працаваў, але выкананне п’янай паходкі дзядзькі Аліка стала культавым у сацыяльных сетках і збірае мільёны праглядаў. Выданне «Першы» пагаварыла з Андрэем пра яго вобраз і пра тое, як ён ледзь не атрымаў жоўтую картку за хаду дзядзькі Аліка.

Скрыншоты з відэа

У Андрэя Хандогі ў агульным ліку ў інстаграме, тыктоку і ютубе больш за 200 тысяч падпісчыкаў. Відэа ў тыктоку часта перавальваюць за некалькі мільёнаў праглядаў. Найбольш Андрэй вядомы дзякуючы вобразу дзядзькі Аліка, пра якога і вядзецца гаворка.

— Андрэй, адразу пытанне ў лоб: дзядзька Алік у жыцці любіць «чарлік»? Ці часта п’е Андрэй Хандога, і якім алкагольным напоям аддае перавагу, калі даводзіцца?

— Дзядзька Алік, канечне, ужывае, а што тычыцца мяне, як Андрэя, то я ў жыцці ўвогуле не ўжываю спіртное, ні ў якім выглядзе, і не куру. І нікому не раю. Гэта ў мяне такі кантэнт — проста ўсміхнуцца, пасмяяцца.

— Парадзіраваная вамі паходка дзядзькі Аліка адразу спадабалася многім падпісчыкам, бо яны пазналі ў ёй паходку п’яніцы са свайго двара. Ці доўга вы вучыліся яе выконваць і як наогул з’явіўся гэты вобраз?

— Мабыць, у кожным двары быў хоць адзін такі, у суседнім двары яшчэ адзін, падобныя алкаголікі. Бачыў іх з дзяцінства і гэтую паходку ўмеў ужо парадзіраваць гадоў дваццаць таму. Асабліва і не трэніраваўся. Так, пару разоў паспрабаваў, з хлопцамі пасмяяліся ў двары — і ўсё.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Андрей Хандога (@handoga90)

І паспяхова я забыўся пра гэтую паходку на столькі гадоў. А два гады таму проста перарабіў адну песню Ганны Асці «Царыца». Перарабіў яе ў прадавачку. Узнікла ідэя відэа, як алкаголік прыходзіць узяць у доўг бутэльку віна. Яму так кепска, што ён адыходзіць за краму і дрыжачымі рукамі выпівае.

Зняў гэтае відэа, але там была проста паходка п’янога чалавека. Імя ў персанажа яшчэ не было. Алікам назваў яго пазней, прыкладна праз паўгода, калі ўспомніў, што ўмею так хадзіць. І вырашыў дадаць гэтую паходку ў вобраз. Загрузіў у інстаграм і тыкток — людзям спадабалася. Зразумела, што не адразу мільёны праглядаў, але сотні тысяч назбіралася. Людзі ўсміхнуліся, і я зразумеў: трэба рабіць яшчэ.

— Як людзі рэагуюць на гэтага персанажа ў жыцці? Ці пазнаюць вас на вуліцы?

— У асноўным, калі ходзіш, здымаеш, усім усё адно. Але некаторыя, калі я ў вобразе Аліка, пазнаюць. Калі без вобраза, то асабліва, калі шчыра, не пазнаюць. Можа, гэта нават і добра — я спакойна хаджу па вуліцах. Хаця калі хто і пазнае, то з задавальненнем спынюся, сфатаграфуюся, пагавару.

— Ці здараецца, што гледачы вераць у «рэальнасць» дзядзькі Аліка і думаюць, што гэта вы такі на самай справе?

— Калі я пачаў выкладаць першыя мае паходкі, выглядала, нібыта нехта здалёк здымае п’янога дзядзьку. І проста відэа з накладзенай музыкай. Першыя мільённыя прагляды — людзі ў каментарыях упэўнена пісалі, што ідзе п’яны. Некаторыя нават: «Навошта вы п’янога здымаеце, гэта ж хвароба?» Потым пачалі прызвычайвацца, пазнаваць. Цяпер большасць ужо ведае, што ёсць такі дзядзька Алік.

— У які момант вы зразумелі, што ваш кантэнт сапраўды «стрэліў» і спадабаўся гледачам? І чаму, на вашу думку?

— Гэта было ранняй вясной 2025 года. Мы з Панам Усялянам пайшлі разам 8 сакавіка здымаць. Пару жартаў зрабілі — па раёнах у Мінску хадзілі з цюльпанамі, падалі, валяліся, карацей, дурэлі. Тады кантэнт пачаў нармальна «залятаць». Вясна была плённая, а ў канцы лета пайшла другая хваля.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Алег Грышко (@panusialan)

— Ці не было крытыкі, што дзядзька Алік «рамантызуе» п’янства? Ці ёсць хейтары?

— Зразумела, што калі відэа набірае 3—5 мільёнаў, там будуць тысячы каментароў. Хтосьці можа і крытыку напісаць. Але негатыву асабліва няма. У асноўным усе адэкватныя, смяюцца, весяляцца. Злосных хейтараў амаль няма. Я бяру на сябе толькі пазітыў і радуюся, што людзі разумеюць гэты гумар, ім весела, ім падабаецца мая паходка.

— А яшчэ вы гуляеце за медыйную футбольную каманду «Інфарм». Нават пры здымках анонсаў матчаў умудраецеся ўставіць туды дзядзьку Аліка ў вобразе футбаліста. Гэта выглядае несумяшчальна, але менавіта таму вельмі смешна. Асабліва, калі ўлічыць яго футбольны нумар — 0,7, як асацыяцыя з памерам бутэлькі. Раскажыце пра свой футбольны досвед і ўражанні ад каманды.

— Вясной, калі кантэнт пачаў «страляць», мне напісаў Улад Хаванскі (футбольны блогер) і запрасіў у каманду «Інфарм». Першы выезд у Лунінец я прапусціў, але глядзеў трансляцыю. Гэта было крута. Да гэтага я асабліва не цікавіўся медыйным футболам, толькі ведаў, што ёсць такая каманда.

А калі ўбачыў, колькі людзей прыйшло ў Лунінцы, вырашыў, што на наступны матч у Хойніках ужо паеду. Гэта і быў мой першы выезд — таму і незабыўны. Нас там вельмі цёпла сустрэлі. Пагулялі ў футбол, сфатаграфаваліся, раздалі аўтографы. І я зразумеў, што выезды з «Інфармам» — гэта вельмі крута. Мы прывіваем любоў да футболу і спорту.

Так, Алік у сваіх анонсах выглядае смешна. У яго нібыта мінулае футбаліста — дынамаўская футболка з нумарам 0,7. Мне б таксама хацелася мець такі нумар у «Інфарме».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Андрей Хандога (@handoga90)

— Помніцца, калі вы прыязджалі ў Івацэвічы на матч, то проста падчас гульні выканалі сваю паходку дзядзькі Аліка. Суддзя, здаецца, нешта быў незадаволены.

— Так, гэта быў першы раўнд Кубка Беларусі. Я разумеў, што трэба выйсці з паходкай дзядзькі Аліка. Праўда, на Кубак патрэбен больш сур’ёзны склад, таму выпусцілі мяне толькі на апошнія 15 хвілін, калі вынік ужо дазваляў.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Жалюля (@ivatsevichy_1)

Выйшаў сваёй паходкай — прыгожа. Шкада толькі, што гэта было далёка ад трыбун. Але знялі і на тэлефон, і ў жывой трансляцыі паказалі. Я і не думаў, што суддзя адрэагуе. Прайшоў тры секунды, відэа знялі — і пабег далей.

А тут суддзя падходзіць: маўляў, што вы робіце, навошта прыцягваеце ўвагу? Я адказаў, што проста пажартаваў. Ён сказаў: яшчэ раз такое паўторыцца — атрымаеш жоўтую картку. Добра, больш мне і не трэба было. Адзінае, калі б я забіў гол, то ўжо наўмысна прайшоўся б паходкай і атрымаў жоўтую картку. Але мяне паставілі ў апорную зону, таму момантаў крануць мяч асабліва не было.

— Ці хочаце вы развіваць дзядзьку Аліка як доўгатэрміновы праект, ці гэта хутчэй адзін з этапаў? Якія планы?

— Я пачаў здымаць відэа даўно, яшчэ з 2019 года. Былі розныя вобразы — бабка, што тэлефанавала ў камунальныя службы, мясцовы аўтарытэт, «дзяўбун» — сын бабкі… Карацей, кожны вобраз нешта збіраў патроху. Пачыналася з пранкаў голасам бабкі, нейкую аўдыторыю я з іх набраў. Потым ужо і Алік з’явіўся.

Пераскокваць з вобраза на вобраз, здымаць усё адразу — цяжкавата, шчыра кажучы. Калі вобраз палюбіўся, я яго развіваю. Магчыма, некалі і Аліка спынім здымаць. Але пакуль мне з Алікам весела, мне падабаецца, людзям таксама падабаецца. Не бачу сэнсу спыняцца. Можна дадаваць нешта новае, разбаўляць. Ідэй для Аліка шмат, вось толькі часу бракуе. Але хутка будзе больш часу, і будзе больш відэа, больш песень. Мне падабаецца песні складаць, кліпы здымаць.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Андрей Хандога (@handoga90)

— Калі якое пытанне не задаў, але вы хацелі б сказаць.

— Хацеў бы падзякаваць усім маім падпісчыкам, хто глядзіць мяне, каму цікавая мая творчасць. Вельмі шмат каментароў, водгукаў, у асабістыя паведамленні пішуць, дзякуюць за кантэнт. Мне вельмі прыемна, што ў мяне класныя падпісчыкі. Стараюся кожнаму надаць увагу, пагутарыць, наколькі гэта магчыма. Буду і далей радаваць вас кантэнтам.

Чытайце таксама:

Чмякаюць, сёрбаюць і ліжуць пальцы: хто з беларусаў падняўся на мукбангу

Бульба-фітнэс: беларусы паказваюць у сацыяльных сетках, колькі бульбы выкапалі сёлета

Як 23‑гадовы хлопец з гомельскай вёскі збірае сотні мільёнаў праглядаў на каскадзёрскіх труках і мае кантракт з Red Bull

Блогер параўнаў кошт адпачынку ў санаторыі «Радон» з паездкай на кітайскі востраў Хайнань — і быў шакаваны

Праўладнай блогерцы Анджалішы зрабілі прапанову рукі і сэрца на 3 ліпеня

Блогерка Баба Нюра развялася з мужам-дальнабойшчыкам і сышлася з гітарыстам «Драздоў»

Каментары да артыкула