Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі
Намесніца міністра Святлана Караткевіч выпісала сабе найбольшую прэмію — за арганізацыю візіту расійскай дэлегацыі ў Беларусь.
Фота з канала МАРГ
Сёння ў 15:39 у канале Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю з'явілася і тут жа было выдалена паведамленне з унутраным дакументам. На лістку фармату А6 пазначана, каму трэба выплаціць прэміі за верасень.
Прызначаны ён Аксане Котлінай, начальніцы аддзела фінансавання і бухгалтарскага ўліку МАРГ. Падпісаны імёнамі намесніц міністра Светланы Караткевіч і Наталлі Васілеўскай.
Найбольшую прэмію — памерам 600 рублёў — выпісала сама сабе намесніца міністра Святлана Караткевіч за арганізацыю візіту дэлегацыі з расійскага Башкартастана.
Святлана Караткевіч. Фота: МАРГ
Другую па памеры прэмію — 500 рублёў — атрымала памочніца міністра Кацярына Ціханчук, якая займае пасаду сакратара ячэйкі БРСМ у міністэрстве. Яе выпісалі за працу ў непрацоўны час.
Кацярына Ціханчук. Скрыншот з відэа тэлеканала СТБ
300 рублёў прэміі атрымала начальніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Іна Гаўрыльчык — за працу са СМІ. Яна сапраўды часта з'яўляецца ў эфірах дзяржаўных медыя па розных нагодах.
Інна Гаўрыльчык. Скрыншот з ютуба БТ
200 рублёў выпісалі намесніцы міністра Наталлі Васілеўскай. Нагода — за дадатковую нагрузку і актыўны ўдзел у дзейнасці МАРГ.
Наталля Васілеўская. Фота: МАРГ
Таксама 200 рублёў атрымае Наталля Чараповіч, намесніца начальніка аддзела метадалогіі кіравання арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання. Прычына — за працу па дакладзе.
Наталля Чараповіч. Скрыншот з відэа АНТ
Па 150 рублёў атрымаюць два супрацоўнікі, а яшчэ шэсць — па 50 рублёў. Яны дапамагалі пераязджаць рэдакцыі часопіса МАРГ, які называецца «Гермес». Гэта шэраговыя супрацоўнікі міністэрства.
Чытайце таксама:
Брэсцкія дэсантнікі выпадкова апублікавалі план ідэалагічнай работы на тыдзень. Распавядаем, што там