Што з якасцю мабільнага інтэрнэту? Міністр спрабуе патлумачыць
Апошнім часам скаргаў на якасць мабільнага інтэрнэту становіцца болей. Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі патлумачыў, што на гэта ўплывае. Але не ўсе ён праблемы прызнае.
«Калі казаць спрошчана, то якасць мабільнай сувязі залежыць ад двух галоўных фактараў. Першае — ад прапускной здольнасці сеткі ў канкрэтным пункце. Яна залежыць ад таго, колькі базавых станцый пабудавана і як часта яны расстаўленыя па тэрыторыі. Другое — ад нагрузкі на сетку. Яна залежыць ад таго, колькі абанентаў і з якой актыўнасцю падлучаныя да сеткі праз канкрэтную базавую станцыю»,
— сказаў Кірыл Залескі на семінары-нарадзе ў Палаты прадстаўнікоў, перадае БелТА.
У зваротах людзі скардзяцца на рэзкае пагаршэнне якасці мабільнай сувязі ў канкрэтных населеных пунктах.
«Але як яна магла пагоршыцца? Бо ніхто не дэмантуе базавыя станцыі — яны як былі, так і засталіся. Гэта азначае, што абаненты, якія знаходзяцца бліжэй, чым праблемная зона, да самой базавай станцыі, сталі спажываць больш гэтага рэсурсу. І таму тым, хто знаходзіцца далей, гэтага рэсурсу перастала хапаць», — аргументаваў ён.
Міністр прывёў аналогію з тым, што ў суботу ўвечары ў высокапавярховым доме на апошніх паверхах не хапае гарачай вады, якая проста туды не даходзіць.
Каб вырашыць праблему, трэба будаваць больш базавых станцый і расстаўляць іх па тэрыторыі больш часта. Міністр запэўнівае, што над гэтым працуюць.
У 2024 годзе аператары сотавай сувязі пабудавалі больш за 2,3 тысячы базавых станцый, і іх агульная колькасць перавысіла 40 тысяч. Сёлета пабудавалі каля 2,1 тысячы базавых станцый, і да канца гэтага года агульная колькасць дасягне каля 45 тысяч.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер ахоп насельніцтва Беларусі паслугамі сотавай і рухомай электрасувязі па тэхналогіі 4G складае 99,6%, ахоп тэрыторыі — 94%. Пры гэтым ахоп насельніцтва паслугамі сотавай сувязі па тэхналогіі 3G складае 99,9%, тэрыторыі — 98,6%.
Але міністр прызнае, што хуткасць мабільнага інтэрнэту ў вёсках невысокая.
«Можам канстатаваць і такі факт — спажыванне трафіку мабільнага інтэрнэту ў Беларусі за апошнія пяць гадоў вырасла ў тры разы. І штогод гэты рост складае прыкладна 40%», — сказаў міністр.