Украінскія дроны атакавалі важны хімзавод у Пермскім краі
Губернатар Пермскага краю Расіі раніцай у пятніцу пацвердзіў, што ўначы ўкраінскія беспілотнікі атакавалі Беразнікі, дзе знаходзіцца завод аміячнай сялітры і іншых хімікатаў «Азот».
Скрыншот відэа
«Пашкоджаны двухкватэрны жылы дом. На шчасце, ахвяр няма. На «Азоце» было кароткачасовае спыненне тэхналагічнага цыклу, цяпер прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме. Пагроз экалагічнай сітуацыі няма, бяспецы жыхароў нічога не пагражае», — напісаў Дзмітрый Махонін.
Вечарам 2 кастрычніка расійскія СМІ паведамлялі, спасылаючыся на мясцовых жыхароў, што на «Азоце» чулі два моцныя «хлапкі» — так на расійскай афіцыйнай мове называюць выбухі.
Украінскі тэлеграм-канал «Аператыўны ЗСУ» апублікаваў відэа, у якім голас за кадрам, імаверна, малады жыхар Беразнікоў, распавядае, што па заводзе «Азот» ударылі тры дроны.
Завод «Азот» з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам азотных угнаенняў у Расіі і адзіным пастаўшчыком шэрагу хімічных прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці выбуховых рэчываў.