На «Камунарцы» патлумачылі, чаму цукеркі «Знічка» цяпер робяць нясмачнымі
Некаторыя беларусы скардзяцца ў сацсетках, што цукеркі мінскай фабрыкі «Камунарка» (і не толькі) ужо не тыя. Па іх словах, і шакалад стаў іншым, і начынка не такая смачная. Напрыклад, адных пакупнікоў не задаволіла якасць «Бярозкі», а іншых — «Знічкі». Начальніца ўпраўлення па якасці «Камунаркі» Ганна Козыр патлумачыла журналістам выдання Telegraf.news, у чым тут справа, і расказала, дзеля чаго даводзіцца мяняць рэцэптуру тых ці іншых цукерак.
«Есці немагчыма»
Журналісты Telegraf.news сустрэлі некалькі скаргаў ад беларусаў у каментарах да відэа «Камунаркі» ў тыктоку. Пры гэтым па датах відаць, што незадаволеныя якасцю прысмакаў некаторыя ўжо некалькі гадоў.
«Знічка» проста агідная стала», — падзяліўся адзін з карыстальнікаў сацсеткі.
«Знічку» і «Бярозку» нават задарма не вазьму», — напісаў іншы.
«Іх есці немагчыма», — выказаў меркаванне трэці.
Па словах начальніцы ўпраўлення па якасці «Камунаркі» Ганны Козыр, раней, калі ў крамах было не так шмат выбару, іх прадукцыю раскуплялі ў разы больш ахвотна. Цяпер жа, каб утрымаць спажыўца, на фабрыцы вырабляюць цукеркі «рознага цэнавага сегменту». А для таго, каб зрабіць іх таннейшымі, даводзіцца замяняць адны інгрэдыенты на іншыя.
Напрыклад, у той жа «Знічцы» на змену шакаладнай глазуры прыйшла кандытарская. Менавіта гэта, верагодна, і заўважылі беларусы.
Працэс вытворчасці прысмакаў на фабрыцы «Камунарка». Фота Telegraf.news
Шакаладная глазура складаецца з какава-парашка, цукру і тлушчаў (напрыклад, алею какавы або расліннага алею). У яе склад уваходзіць не менш за 25% агульнай сухой рэшты какава-прадуктаў, у тым ліку не менш за 12% алею какавы.
У той жа час у кандытарскай глазуры замест алею какавы выкарыстоўваюць заменнікі — лаўрынавага (какосавы або пальмаядравы алей) або нелаўрынавага (на аснове рапсавага алею, сланечнікавага, соевага і пальмавага алеяў) тыпу, а таксама фарбавальнікі і араматызатары.
Працэс вытворчасці прысмакаў на фабрыцы «Камунарка». Фота Telegraf.news
Спецыялістка звярнула ўвагу, што
«гэтыя цукеркі для тых, хто ставіць у прыярытэт цану, а не якасць. Мы стараемся зрабіць так, каб нашы прысмакі былі даступныя ўсім».
«Напрыклад, хто б што ні казаў, але рэцэптура тых жа «Сталічных» не мянялася з самага пачатку, а гэта 60 гадоў. Сюды ж уваходзіць «Чырвоны Каптурок», «Труфелі», «Мінчанка» і «Птушка», — адзначыла Ганна Козыр.
Яна дадала, што для тых, хто ставіць на першае месца якасць прадукту, на фабрыцы ёсць цэлы шэраг цукерак з шакаладу ў натуральнай глазуры. Да іх адносяцца: «Любімая Алёнка», «Мішка на паляне», «Чырвоны Каптурок»; «Грыльяж у шакаладзе»; «Мінчанка» і іншыя.
Чытайце таксама:
«Рэйв на заводзе». Зумеры падымаюць продажы беларускіх прадпрыемстваў, здымаючы вірусны кантэнт
«Адчуй смак роднай мовы». «Камунарка» выпусціла цукеркі «Родныя словы»
У шакаладцы ад «Камунаркі» зноў знайшлі чарвяка. Хто вінаваты?
Беларуска знайшла ў цукерках «Камунаркі» лічынкі. На фабрыцы пракаментавалі сітуацыю