Ціханоўская заклікала Еўропу больш рашуча спрыяць вызваленню палітвязняў
На саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене кіраўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета і дэмакратычная лідарка выступіла на прэс-канферэнцыі, адкрыўшы яе кароткай заявай.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Хачу падзякаваць Даніі і Еўрапейскай палітычнай супольнасці за запрашэнне. Дыктатары, Пуцін і Лукашэнка, тут адсутнічаюць — але голас беларускага народу гучыць. Беларусы заслугоўваюць еўрапейскай будучыні. Беларусь належыць Еўропе — і аднойчы мы станем паўнапраўным сябрам EPC і Еўрапейскага саюзу.
Наша мэта зразумелая: не дапусціць, каб Расія зноў выкарыстоўвала Беларусь як плацдарм — супраць Украіны ці супраць Еўропы. Гэта азначае дэмантаж аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, які стаў пагрозай для ўсяго кантыненту», — сказала яна.
Паводле Святланы Ціханоўскай, «разам з прэзідэнтам Трампам і яго камандай мы ўжо дамагліся вызвалення дзясяткаў палітвязняў, але 1300 застаюцца за кратамі».
«Мы вітаем намаганні ЗША, але Еўропа таксама павінна трымаць ціск, пакуль не будзе вызвалены кожны вязень і не скончацца рэпрэсіі. Адначасова Еўропа павінна падтрымліваць беларусаў — выдаваць візы, аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасці і дапамагаць тым, хто цяпер фактычна без грамадзянства», — перакананая беларускі палітык.
Святлана Ціханоўская заклікала Еўропу дзейнічаць рашуча, бо «паўмеры толькі натхняюць дыктатараў»: «Мы мусім аслабіць Расію, умацаваць Украіну і адкрыць акно для пераменаў у Беларусі. І я веру, што перамены ў Беларусі могуць стаць штуршком для пераменаў у Расіі».
Палітык бярэ ўдзел у Саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці (EPC), які адбываецца з удзелам больш чым 50 лідараў еўрапейскіх краінаў. Яна ўжо сустрэлася з прэзідэнтам Літвы, канцлерам Германіі, прэзідэнтам Украіны і іншымі еўрапейскімі лідарамі.
Чытайце таксама:
Ціханоўская пагутарыла з Зяленскім на саміце ў Капенгагене
Ціханоўская бярэ ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці