У беларускіх санаторыях будзе праходзіць рэабілітацыя расійскіх удзельнікаў вайны з Украінай
Улады Ленінградскай вобласці Расіі і Мінск дамовіліся аб стварэнні «пастаяннай праграмы рэабілітацыі байцоў СВА». Паведамленне пра гэта на рэгіянальным расійскім партале online47.ru заўважыў «Позірк».
Дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту ў Беларусь дырэктара Усевалажскага мультыцэнтра сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Драздзенка. Яна наведала «санаторна-курортныя і рэабілітацыйныя ўстановы Мінскай вобласці», дзе «азнаёмілася з іх магчымасцямі ў сферы лячэння, аднаўлення і аздараўлення ўдзельнікаў «спецаперацыі» з Ленінградскай вобласці, а таксама іх сем’яў».
«У рамках паездкі Ірына Драздзенка правяла сустрэчу з кіраўніцтвам выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці. Бакі абмеркавалі перспектывы мэтавага накіравання і прыёму жыхароў Ленінградскай вобласці, якія маюць патрэбу ў медыцынскай і аднаўленчай дапамозе. У прыватнасці, гаворка пра байцоў СВА і іх родных», — гаворыцца ў публікацыі.
Па выніках перамоў, як заяўляецца, прынятае рашэнне «сумесна з камітэтам па сацыяльнай абароне Ленінградскай вобласці распрацаваць і перадаць беларускаму боку ўмовы і патрабаванні для запуску пастаяннай праграмы рэабілітацыі».
«Плануецца, што штогод у рамках гэтай ініцыятывы ў Беларусі змогуць праходзіць лячэнне і аздараўленне не менш за 800 чалавек з ліку ўдзельнікаў СВА і іх сем’яў», — адзначае партал.
Падкрэсліваецца, што ініцыятыву ўхваліў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў.
30 верасня аб’яднанне BelPol паведаміла, што санаторый «Беларусь» у Сочы РФ, які належыць Кіраўніцтву спраў Аляксандра Лукашэнкі, «даўно і рэгулярна» абслугоўвае расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.
Тэрмінам «СВА» («спецыяльная ваенная аперацыя») расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады і прапагандысты называюць поўнамаштабную агрэсію РФ супраць Украіны.