Беларус тыдзень купляў латарэйныя білеты замест абедаў. Колькі выйграў?
Андрэй з Мінска зладзіў чэлендж: не хадзіў у сталовую тыдзень, каб на зэканомленыя грошы купляць латарэйныя білеты. Колькі грошай патраціў і колькі выйграў, хлопец расказаў журналісту Myfin.
Фота: архіў героя
«Жонка сказала, што я дурненькі. Адказаў ёй: «Выйграю кватэру — ты нічога не атрымаеш»
Першае пытанне Андрэю — з чаго раптам прыйшла ідэя купляць білеты замест ежы. Хлопец тлумачыць, што любіць дробныя фінансавыя эксперыменты. Пару гадоў таму на працягу года адкладаў усе манеткі з рэшты. Тэставаў страхавое накапленне. Адкрываў невялікія дэпазіты ў банках.
— У мяне звычайная сярэдняя зарплата, купіць умоўны біткойн я не магу, таму «забаўляюся» на дробныя сумы. Калі вырашыў купляць латарэйкі, жонка пасмяялася і сказала, што я дурненькі. Я дакладна так жа пасмяяўся і адказаў, што калі выйграю кватэру, тая будзе толькі маёй.
— У мяне дакладна не было мэты ўзбагаціцца. Гэта ўсяго толькі забава.
Каб гэта ніяк не адбівалася на фінансах, якраз і вырашыў, што зэканомлю на абедах. Тыдзень браў у офіс ссабойкі (ежу з дому), хоць не люблю цягаць з сабой кантэйнеры. Атрымалася, што тыдзень не хадзіў у сталовую з калегамі і крыху сумаваў без іх у абед.
Першапачаткова планаваў купляць латарэйныя білеты кожны дзень на працягу месяца, але зразумеў: разнастайнасці не так шмат. Калі б праводзіў эксперымент месяц — давялося б купіць кучу аднолькавых білетаў. Ды і не падабалася перспектыва кожны дзень стаяць у чэргах.
— Мяне ніколі не прывабліваў удзел у падобных розыгрышах, таму досведу ў мяне не было.
Толькі памятаю, як мама на пачатку 2000‑х скупляла ў Мінску латарэйкі «Балет», у іх трэба было сабраць слова БАЛЕТ. Купляеш білецік, сціраеш срэбную плёнку — і табе дастаецца літара. Збіраеш поўнае слова — атрымліваеш грошы. Да гэтага часу памятаю, што мама сабрала некалькі камплектаў слова «БЛЕТ», літара «А» ёй ніяк не траплялася.
Што здзівіла хлопца цяпер — па-першае, тое, што ў нас прадаюцца імгненныя латарэі (ён думаў, што іх даўно няма). Па-другое, калі хацеў купіць на пошце «Суперлато» з розыгрышам у найбліжэйшыя выхадныя, такіх не аказалася: усё разабралі. Прыйшлося купляць білецікі на гульню, якая павінна была прайсці толькі праз два тыдні.
На што таксама звярнуў увагу Андрэй — дзе б ён ні здзяйсняў куплю, усюды яму прапаноўвалі самому выбраць, які менавіта з аднолькавых білетаў ён купіць. Часам перад ім ставілі цэлую скрынку аднолькавых «кардонак» і прапаноўвалі нырнуць рукой.
— Гэта значыць, прадаўцы не выбіралі за мяне.
Яшчэ адзін сюрпрыз стаў не надта прыемным.
— Я ўбачыў на вітрыне латарэйку, на якой намалявана навагодняя елка. Яшчэ здзівіўся: цяпер верасень, прычым тут елка? Аказалася, што розыгрыш — у снежні, то-бок вынікі я даведаюся толькі бліжэй да 2026 года.
Накупіўшы латарэек, Андрэй склаў іх у папку і на час забыўся пра іх. Не сцёр ахоўны слой там, дзе можна было маментальна даведацца вынік. Не правяраў «Суперлато», хоць з моманту правядзення тыражу прайшлі тыдні. Кажа, не даходзілі рукі:
— Гледзячы праўдзе ў вочы, я разумеў, што на гэтым не зарабіць. Гэта ўсяго толькі забава. Як кажуць — just for fun (толькі дзеля забавы). Ні на якія істотныя прызы не разлічваў.
Колькі патраціў і колькі выйграў
За пяць працоўных дзён Андрэй купіў 17 латарэек:
«Суперлато» — 3 шт., па 5 рублёў (усяго 15 рублёў);
«Мінілато» — 2 шт., па 3,5 рубля (7 рублёў);
«Міг удачы» — 2 шт., па 4,5 рубля (9 рублёў);
«Бонус плюс» — 2 шт., па 2,5 рубля (5 рублёў);
«Страйк» — 2 шт., па 3 рублі (6 рублёў);
«Белавежская пушча» — 2 шт., па 4 рублі (8 рублёў);
«Святочная» — 2 шт., па 3 рублі (6 рублёў);
«Спортлато» — 2 шт., 10 рублёў за ўсе стаўкі.
Усяго патрачана: 66 рублёў.
«Мінілато» аказалася «пустым», затое ў «Белавежскай пушчы» ўдалымі для Андрэя сталі абодва білеты, кожны прынёс яму па 4 рублі.
Яшчэ адна перамога — у «Суперлато», 5 рублёў 90 капеек. Вынікі Андрэй правяраў у інтэрнэце, каб не траціць час на прагляд перадачы па ТБ.
Што з астатнімі выігрышамі? Уласна, нічога.
Усе астатнія імгненныя латарэйкі аказаліся без прыза.
У «Спортлато 6/49» Андрэй адгадаў 1 лічбу з 6 у першым раўндзе, а таксама 2 лічбы з 6 у другім раўндзе. Гэта добра, але недастаткова для перамогі. У «Спортлато 5/36» не адгадаў увогуле нічога.
— Нават неяк засмуціўся, калі сціраў ахоўны слой і чарговы раз разумеў: прыза няма. Да гэтага думаў, што ўдалымі для мяне будзе хаця б палова білетаў. Ніякага асаблівага задавальнення атрымаць не ўдалося, бо пройгрышаў аказалася зашмат для мяне. Хтосьці скажа, што трэба гуляць шмат, каб перамагаць. Аднак я купіў не пару латарэек, а сямнаццаць. З іх чатырнаццаць «пустыя».
Хоць я яшчэ не праверыў «Святочную» латарэю, бо розыгрыш будзе толькі ў снежні. У «Святочнай» ёсць шанец атрымаць імгненны прыз, але і тут у маім выпадку промах.
Падвядзём вынік
Колькі латарэек купіў Андрэй: 17 штук.
Сума пакупкі: 66 рублёў.
Колькі білетаў аказаліся выйгрышнымі: 3 штукі.
Агульная сума выйгрышу: 13,9 рубля (4 + 4 + 5,90).
— Калі я казаў жонцы, што, магчыма, выйграю кватэру — вядома ж, я жартаваў. І ўсё ж я думаў, што выйгрыш складзе хаця б 40% ад укладзеных грошай. Па сутнасці, удалося адбіць крыху больш, чым 20%.
На гэтым эксперымент я скончу і працягваць не буду. Мой досвед кажа, што лепш траціць грошы на абеды, чым на латарэі.