БЕЛ Ł РУС

У Беларусі вырастуць цэны на некаторыя аўтамабілі, а выбар стане меншым. Вось чаму

5.10.2025 / 11:15

Nashaniva.com

Адразу два чыннікі будуць уплываць на аўтамабільны рынак Беларусі бліжэйшым часам.

Танныя электрамабілі — усё?

Першая катэгорыя машын, якую чакаюць сур'ёзныя змены, — гэта электрамабілі. Да нядаўняга моманту іх можна было ўвозіць у Беларусь з нулявым мытам. Бяспошлінна электракары ўвозілі як фізічныя асобы, так і ІП, і юрыдычныя асобы, у тым ліку афіцыйныя і неафіцыйныя дылеры.

Аднак па стане на 1 кастрычніка 2025 года ў Беларусі вычарпалі квоты на бяспошлінны ўвоз электракараў.

Скрыншот: customs_bel / Telegram

Такім чынам, атрымліваецца, што за дзевяць месяцаў гэтага года ў нашу краіну фізічныя і юрыдычныя асобы імпартавалі 15 тысяч электракараў, прадугледжаныя квотай, памер якой вызначае Еўразійская эканамічная камісія.

Памер мытнай пошліны на электракары складае 15%. Таму машыны з новых паставак даволі істотна падаражэюць. Але ў самай цікавай сітуацыі апынуліся тыя, хто ўжо набыў машыну ў Кітаі ці ЗША, але пакуль яна дабярэцца да Беларусі, замест 0% пошліны будзе плаціць 15% ад мытнага кошту.

Той факт, што ў Беларусі вычарпалі гадавы ліміт у 15 тысяч усяго за дзевяць месяцаў, сведчыць пра тое, што электрамабілі ў Беларусі хутка набіраюць папулярнасць.

Так, напрыклад, летам 2024 года ў нашай краіне налічвалася ўсяго 15 тысяч электракараў. Як бачым, за год іх колькасць падвоілася. Для параўнання: у лістападзе 2022 года ў Беларусі было 3420 электрамабіляў, а ў чэрвені 2020 года — усяго каля 400 штук.

Расіяне зноў ламануліся па аўто ў Беларусь?

Іншы чыннік, які таксама можа паўплываць на цэны і выбар аўто на рынку Беларусі, — павышаны попыт з боку расіян на некаторыя тыпы аўто.

Рэч у тым, што ў Расіі ўжо не першы месяц хадзілі чуткі пра павышэнне ставак утылізацыйнага збору на аўто, якія маюць больш за 160 конскіх сіл пад капотам. Днямі інфармацыя аб намеры падняць утыльзбор з 1 лістапада 2025 года пацвердзілася.

Праз месяц за аўто, старэйшае за тры гады, з рухавіком ад 1 да 2 літраў і магутнасцю больш за 160 к. с., расіяне будуць плаціць каля 12 тысяч еўра замест 55 еўра.

Прадаўцы машын, якія лічацца «прахаднымі» ў Расію (гэта значыць, размытненыя больш за 12 месяцаў таму) адзначалі павышаны попыт з боку пакупнікоў з Расіі яшчэ да пацвярджэння інфармацыі аб новых тарыфах.

Уласнік аўтакаміса таксама адзначыў, што апошнім часам попыт на такія аўто вырас.

«Цяпер прадаўцы машын, прахадных у Расію, з магутным рухавіком не вельмі схільныя гандлявацца, бо ведаюць, што расіяне гатовыя будуць забраць іх і па больш высокім кошце. Але пры гэтым важна не перастарацца з цаной і ўлічваць, што застаецца толькі адзін месяц, калі можна выгадна прадаць туды машыны з маторамі, магутнейшымі за 160 к. с.», — кажа бізнэсмен.

Таму, на думку камісіёншчыка, цяперашняе павышэнне цэн на прахадныя ў Расію аўто будзе насіць часовы характар.

«Але калі зараз расіяне масава ламануцца да нас па такія аўто, то выбар па пэўных мадэлях можа стаць больш сціплым», — лічыць суразмоўца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула