БЕЛ Ł РУС

«Інакш нельга, бяспека — перш за ўсё». Актобэрфэст часова закрылі з-за пагроз з боку леварадыкалаў

1.10.2025 / 13:18

Nashaniva.com

Пасля выбухаў і пажару ў паўночнай частцы Мюнхена найбуйнейшае народнае свята Германіі апынулася пад пагрозай. Паводле інфармацыі Bild, паліцыя знайшла ліст з пагрозамі ў адрас Актобэрфэста і парэкамендавала не адкрываць фестываль, пакуль не будзе выключаная небяспека.

Фота: Manuel Schwarz/picture alliance via Getty Images

«Паліцыя зробіць усё, каб да 17:00 цалкам праверыць тэрыторыю. Калі гэта не атрымаецца, Актобэрфэст сёння не адкрыецца. Прабачце, але інакш нельга, бяспека — перш за ўсё», — заявіў бургамістр Мюнхена Дытэр Райтэр.

Паводле яго слоў, рашэнне аб закрыцці непасрэдна звязана з расследаваннем пажару і знойдзенымі доказамі.

Паліцыя таксама вывучае магчымую сувязь пагроз з леварадыкальнымі групоўкамі. На адным з сайтаў крайніх левых з’явіўся тэкст пад назвай «Антыфа — значыць атака», дзе невядомыя асобы заявілі пра намер падпальваць аўтамабілі і нападаць на людзей у Мюнхене. Прадстаўнік паліцыі адзначыў, што ўсе версіі правяраюцца.

Сёння раніцай у Мюнхене адбылося некалькі выбухаў, загарэўся жылы дом. Унутры згарэлага будынка быў знойдзены мужчына, які скончыў жыццё самагубствам. Следства пакуль не ўстанавіла, ці ёсць прамая сувязь паміж гэтымі падзеямі і пагрозамі ў адрас Актоберфэста.

Чытайце таксама:

Страляніна і выбухі на поўначы Мюнхена: адзін загінуў, адзін паранены

Каментары да артыкула