Дзяўчына паказала, як знаёміць з Беларуссю хлопца з Ізраіля — гэтыя смешныя відэа абляцелі інтэрнэт
Беларуска Настасся Князь з’ехала ў Ізраіль. Цяпер яна сустракаецца з мясцовым хлопцам і распавядае ў сацсетках, як сёлета знаёміла яго з беларускай рэальнасцю. Яе відэа з серыі «dating belаrusian» збіраюць сотні тысяч праглядаў.
Тут і далей скрыншоты інстаграм
Звычайна ў першай частцы відэа жартаўлівых ролікаў Настасся паказвае, як вандруе з каханым па розных краінах, наведвае шыкоўныя рэстараны і п’е віно ля мора — гэта просты ўзровень «daiting belаrusian».
А вось складаны ўзровень — ехаць разам у электрычцы, катацца на атракцыёне «Ракушка» і нават дапамагаць прыводзіць у парадак могілкі.
Тут, канечне, не здагадацца, што са спісу было самым складаным для замежніка.
Здаецца, што ізраільцянін, якога завуць Дор, зусім не супраць такіх прыгод на радзіме сваёй дзяўчыны. Каментатары ў інстаграме таксама ў захапленні.
Найбольш папулярны каментарый, які набраў больш за 2800 лайкаў, такі: «Не ведаю, да чаго вы яго рыхтавалі, але ён гатовы».
У Беларусі Дора таксама навучылі збіраць грыбы ды капаць бульбу, паказалі велізарныя БелАЗы. А ў Нясвіжы Настасся разам з каханым пераапранулася ў старажытныя сукенкі і шпацыравала на фоне палаца, абмахваючыся веерамі.
Дор некалькі месяцаў вывучаў рускую мову, каб размаўляць са сваякамі сваёй дзяўчыны. І дакладна скарыў бабулю Настассі, калі старанна напісаў на паперцы: «Бабушка, я люблю тебя».
А вось маці дзяўчыны ён шакаваў сваім веданнем альтэрнатыўных слоў. Хацеў зрабіць камплімент запяканцы, якую прыгатавала жанчына, і выдаў: «Раз**б». Маці засмуцілася: «Скажы яму, што так гаварыць нельга!»
Чытайце таксама:
Як журналістка «Нашай Нівы» шукала пару на праваслаўным сайце знаёмстваў. Падкаціў і Талай