У Мілане знясуць знакаміты стадыён «Сан-Сіра»
Знакаміты міланскі стадыён «Сан-Сіра» будзе знесены. Такое рашэнне прыняла гарадская рада Мілана, якая пасля працяглых дыскусій ухваліла продаж арэны футбольным клубам «Мілан» і «Інтэр», піша Euronews.
Стадыён Сан-Сіра. Фота: Luca Bruno / AP
Абодва клубы маюць намер на месцы 99‑гадовага стадыёна пабудаваць новую сучасную арэну на 71,5 тысячы месцаў. Кошт праекта складае каля 1,2 мільярда еўра.
Гарадскія ўлады прагаласавалі за продаж стадыёна і навакольных тэрыторый за 197 мільёнаў еўра (24 галасы «за» і 20 «супраць»). Абмяркоўвалі пытанне амаль 12 гадзін. «Мілан» і «Інтэр» нават папярэджвалі, што могуць перанесці будаўніцтва за межы горада, калі план не атрымае ўхвалення.
У сумеснай заяве клубы назвалі гэтае рашэнне «гістарычным крокам для будучыні камандаў і горада» і падкрэслілі, што новы стадыён будзе адпавядаць міжнародным стандартам.
Разам з тым у Італіі ўзнікаюць спрэчкі: частка грамадскасці хацела б захаваць легендарны стадыён, а журналісты выказваюць асцярогі, што ўладальнікі-карпарацыі могуць у будучыні атрымаць прыбытак з продажу зямлі.
Да 10 лістапада здзелка павінна быць завершаная, а другі ярус «Сан-Сіра», які існуе ўжо 70 гадоў, атрымае ахоўны статус як гістарычны аб’ект. Паводле плана, каля 90% арэны будзе знесена, але гэты гістарычны фрагмент застанецца.
Праектаваць новую арэну будуць архітэктурныя бюро Foster + Partners і Manica. Будоўля стане часткай маштабнай гарадской рэканструкцыі плошчай 281 тысяча квадратных метраў.
Новы стадыён плануецца адкрыць да Еўра-2032, які Італія будзе прымаць разам з Турцыяй.
Стадыён «Сан-Сіра», пабудаваны ў 1925 годзе, з’яўляецца найбуйнейшым у Італіі (80 тысяч месцаў). Ён яшчэ паспее прыняць цырымонію адкрыцця Зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года.
Чытайце таксама:
750 чалавек адначасова займаліся ёгай на мінскім стадыёне «Дынама» ФОТАФАКТ
У цэнтры Мінска ёсць школа са стадыёнам на даху
Пад Варшавай дзікі залезлі на футбольнае поле і моцна яго перарылі ФОТЫ