БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрымалі ўкраінца, якога падазраюць у падрыве «Паўночных патокаў»

30.09.2025 / 15:0

Nashaniva.com

Працэдуру экстрадыцыі чакаюць у найбліжэйшы час.

Украінскага грамадзяніна затрымалі ў Польшчы праз падазрэнне ў датычнасці да выбуху на газаправодах «Паўночны паток». Украінца затрымалі паводле еўрапейскага ордара на арышт, выдадзенага нямецкім судом, піша РБК-Украіна.

Затрыманне Уладзіміра З. адбылося ў горадзе Прушкуў. Яго перавялі ў раённую пракуратуру ў Варшаве. Працэдуру экстрадыцыі чакаюць у найбліжэйшы час. Адвакат затрыманага Цімафей Папроцкі паведаміў журналістам, што, на думку абароны, падстаў для экстрадыцыі ўкраінца ў нямецкую сістэму правасуддзя няма.

Абарона сцвярджае, што ніякай магчымасці вылучыць абвінавачанне каму-небудзь, хто ўдзельнічаў у падрыве, няма. Такую пазіцыю Папроцкі абгрунтаваў тым, што «Паўночны паток» належыць расіянам і прыбытак ад яго ідзе на вайну ва Украіне.

Адвакат таксама адзначыў, пакуль невядома, ці ўдзельнічаў ягоны кліент у гэтай дыверсійнай аперацыі.

Нямецкія праваахоўнікі называюць Уладзіміра З. інструктарам па дайвінгу. Паводле звестак следства, у верасні 2022 года ён прыплыў з нямецкага Ростака да Балтыйскага мора на яхце, потым занырнуў пад ваду і размясціў выбухоўку на падводным трубаправодзе.

Раней следчыя сцвярджалі, што пасля падрыву ён застаўся з сям’ёй у Польшчы, а калі летам 2024 года немцы звярнуліся да палякаў з просьбай затрымаць яго, мужчына выехаў на аўтамабілі з дыпламатычнымі нумарамі.

«Чаму мы павінны яго затрымліваць? Для нас ён герой», — адказалі польскія праваахоўнікі нямецкім калегам, калі тыя абурана пачалі патрабаваць тлумачэнняў.

Падрыў двух расійскіх газаправодаў — «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2» — адбыўся 26 верасня 2022 года, праз некалькі месяцаў пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

У выніку выбухаў былі пашкоджаны ўчасткі абодвух газаправодаў, што цалкам вывела іх з ладу. Шэраг краін распачаў расследаванне, аднак следства не змагло дакладна вызначыць вінаватых, хоць разглядаюцца версіі датычнасці Украіны, Расіі, ЗША і нават Кітая.

У Італіі ў 2025 годзе затрымалі грамадзяніна Украіны — 49‑гадовага Сяргея Кузняцова, былога вайскоўца сіл спецыяльнага прызначэння.

Германія падазрае яго ў арганізацыі выбухаў на газаправодах. Сам Кузняцоў і яго абарона адмаўляюць абвінавачанні з Берліна.

Чытайце таксама:

Суд у Італіі дазволіў экстрадыцыю ў Германію меркаванага арганізатара падрыву газаправода «Паўночны паток»

Каментары да артыкула