Праз атакі на расійскія НПЗ беларускі бензін вярнуўся на рынак РФ
Беларускі бензін зноў прадаецца на біржы ў Санкт-Пецярбургу на фоне дэфіцыту паліва ў Расіі.
Мазырскі НПЗ. Фота: прэс-служба прадпрыемства
Пасля працяглага перапынку, які доўжыўся амаль год — з восені 2024 года, Беларусь зноў пачала прадаваць бензін праз Санкт-Пецярбургскую міжнародную таварна-сыравінную біржу. Як паведамляе РБК, гэта адбылося на фоне высокага попыту і незапланаваных прыпынкаў працы нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі.
Паводле даных біржы, з ліпеня па верасень было прададзена каля 100 тысяч тон беларускіх нафтапрадуктаў — на 36% больш, чым за той жа перыяд мінулага года.
Толькі за верасень продажы бензіну выраслі на 168% у параўнанні з жнівеньскімі аб’ёмамі, а дызельнага паліва — на 83%.
Пастаўкі з Беларусі маюць непастаянны характар і часта залежаць ад сітуацыі на рынку. На гэты раз, піша РБК, іх актывізацыя супала з ростам напружанасці на ўнутраным рынку паліва ў Расіі. Эксперты адзначаюць, што доля беларускіх паставак у агульным аб’ёме невялікая, але яны адыгрываюць важную ролю ў ліквідацыі лакальных праблем.
Вяртанне беларускага бензіну на расійскі рынак стала магчымым праз безупынныя атакі ўкраінцаў на расійскія НПЗ.