Жыхар Браслаўскага раёна вырасціў кавун вагой 17 кілаграмаў
Жыхар вёскі Плюс Віталь Гродзь здзівіў суседзяў кавуном-волатам — амаль 17 кілаграмаў. Для параўнання: вытворца насення заяўляў, што плады гатунку «Вялікі Лохан» дасягаюць максімуму 10 кг.
Але браслаўскі кавун перасягнуў чаканні: салодкі, з тонкай скарынкай і цудоўна прыстасаваўся да мясцовых умоў. Пра гэта піша «Браслаўская зорка».
Гэтым летам на бахчы Віталя вырасла каля 400 кг кавуноў розных сартоў — «Эльф Уафі», «Фараон», «Раманца» і іншых. Заняцца кавунамі ён пачаў 5 гадоў таму — падбіраў насенне і ўгнаенні, эксперыментаваў і знаходзіў найбольш удалыя варыянты для паўночнага клімату.
Акрамя бахчавых, Віталь вырошчвае дыні, дынныя грушы, батат, таматы і іншыя культуры. Яго досвед паказвае: пры правільным падыходзе і змяненні клімату нават на поўначы Беларусі можна сабраць годны ўраджай паўднёвых пладоў.