БЕЛ Ł РУС

Жыхары Грушаўкі і Міхалова застаюцца без дэпутаткі: чэмпіёнка Мірончык-Іванова збіраецца ў дэкрэт

29.09.2025 / 15:27

Nashaniva.com

Дэпутатка Настасся Мірончык-Іванова будзе вымушана зрабіць перапынак у сваёй працы ў Палаце прадстаўнікоў. Прычына банальная: неўзабаве яна ў другі раз стане маці. А што ж будзе з яе «выбарцамі» з Дзяржынскай акругі №98?

Дэпутатка Настасся Мірончык-Іванова разам з мужам і сынам. Тут і далей скрыншоты з яе інстаграма

Нагадаем: у 2020 годзе скакуха Настасся Мірончык-Іванова падпісала праўладны ліст у падтрымку Лукашэнкі. Падзякі не прыйшлося чакаць доўга: чэмпіёнку — а яна шэсць разоў выйгравала чэмпіянат Беларусі, мае бронзавы медаль чэмпіяната свету — паклікалі на таемную інаўгурацыю палітыка, потым на запіс яго навагодняга звароту. А затым пасадзілі ў прэзідыум Усебеларускага народнага сходу.

Раней Настасся хацела займацца музыкай і модай. У 2020 яна спрабавала заскочыць у шоу-бізнэс і запісвала песні разам з Віталем Варанко — баяністам і актыўным прыхільнікам Лукашэнкі. Казала і пра стварэнне ўласнага брэнда адзення.

Але ўсё гэта засталося ў мінулым. У выніку Настасся пайшла атрымліваць юрыдычную адукацыю ў Акадэміі кіравання, а таксама не спыняючыся хваліла ўлады.

Вынік прадказальны: летась былой спартсменцы выдалі дэпутацкі мандат. Мірончык-Іванова балатавалася па Дзяржынскай выбарчай акрузе №98 у Мінску, якая ўключае ў сябе Грушаўку, Міхалова і частку Брылевічаў. На выбарах ёй намалявалі 52% галасоў.

На старонку Настассі ў інстаграме падпісана больш за 51 тысячу чалавек. Там яна ўперамешку посціць здымкі з афіцыйных мерапрыемстваў і сэксуальныя фота ў купальніках з шыкоўнага адпачынку ў Дубаі. У сторыс можна пабачыць, як кожны месяц яна цёгаецца па крамах і перапісвае цэны — кажа, улада ўсё кантралюе.

Днямі дэпутатка падзялілася з падпісчыкамі радаснай навіной: у яе сям’і будзе папаўненне.

Настасся ў шлюбе з лёгкаатлетам Сяргеем Івановым, у іх ёсць 11‑гадовы сын. Самых блізкіх людзей муж з жонкай запрасілі на гендар-паці. Зрабілі ўсё традыцыйна: блакітныя і ружовыя шарыкі, торт і пірожныя ў такіх жа колерах.

Запісваючы відэа для будучага дзіцяці, Настасся з мужам сказалі, што чакаюць дзяўчынку, за хлопчыка выступіў толькі іх першы сын Глеб. У выніку высветлілася, што ў дэпутаткі сапраўды мае нарадзіцца дачка.

Атрымліваецца, што хаця б на некаторы час Мірончык-Івановай прыйдзецца паставіць дэпутацкую працу на паўзу. Што з будзе з яе «выбарцамі»?

У выніку, калі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў сыходзіць у дэкрэтны адпачынак, за ёй захоўваецца мандат, дадатковыя выбары не прызначаюцца. Тэарэтычна рашэнні прымаюцца калегіяльна, таму часовая адсутнасць аднаго дэпутата не замінае працы Палаты прадстаўнікоў.

Чытайце таксама:

«Яна ў штанах выйдзе, рубане». Лукашэнка прапанаваў у прэзідэнты нечаканую кандыдатуру

Дэпутатка Мірончык-Іванова расказала, ці можна ёй выкладаць у інстаграме фоты ў купальніку

«Надзець на шыю стужку ЛГБТ — для мяне гэта проста край». Лёгкаатлетка Мірончык-Іванова расказала пра свае каляровыя фобіі

Каментары да артыкула