БЕЛ Ł РУС

Малдаване Беларусі галасавалі не так, як малдаване Расіі. Уплыў праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве?

29.09.2025 / 14:17

Сяргей Гезгала

Нягледзячы на тое, што ў Мінск для галасавання арганізавана прывозілі групы з Расіі, вынікі выбараў па мінскім участку адрозніваюцца ад расійскіх участкаў. 

Малдаване прыбылі ў Мінск з Расіі, каб прагаласаваць на выбарах 28 верасня. Фота: БелТА

«Малдаване прыбываюць у Мінск з Расіі, каб прагаласаваць на парламенцкіх выбарах сваёй краіны, — рапартавала дзяржаўнае агенцтва БелТА. — У РФ працуюць толькі 2 участкі для галасавання, размешчаныя ў Маскве, і яны не даюць рады колькасці малдаван, якія жадаюць прагаласаваць на выбарах у парламент сваёй краіны. Таму прадстаўнікі малдаўскай дыяспары прыязджаюць у Мінск, дзе прагаласаваць можна на ўчастку, адкрытым у амбасадзе Малдовы ў Беларусі».

Паведамленне суправаджалася фотамі, як людзі калонай ідуць па тэрыторыі пасольства.

Цяжка сказаць, колькі з 405 чалавек, якія прагаласавалі ў Мінску, былі арганізавана прывезеныя з Расіі аўтобусамі і самалётамі. Але звяртае ўвагу розніца ў папулярнасці партый.

На ўчастках для галасавання ў Расіі прарасійскі «Патрыятычны блок» набраў 67% галасоў, а праеўрапейская Партыя дзеяння і справядлівасці (PAS) — 12%. 

А што на ўчастку для галасавання ў малдаўскай амбасадзе ў Беларусі на вуліцы Ульянаўскай?

Тут за «Патрыятычны блок» прагаласавалі 53% выбарцаў, за PAS — 29%.

З улікам таго, што вялікую частку галасоў далі выбарцы, прывезеныя з Расіі — не выключана, што праплачаныя, прыхільнасці малдаван Беларусі, магчыма, не настолькі далёкія ад пазіцыі малдаван Літвы і Латвіі.

У Вільні за «Патрыятычны блок» аддалі галасы 11% выбарцаў, за PAS — 67%. У Рызе за «Патрыятычны блок» прагаласавалі 17% выбарцаў, за PAS — 64%.

Настроі нацыянальных дыяспар шмат у чым падобныя да настрою грамадства ў цэлым. Так малы факт вынікаў галасавання малдаван у Мінску чарговы раз паказаў, што настроі ў Беларусі адрозніваюцца ад настрояў у Расіі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула