БЕЛ Ł РУС

НАСА адправіць астранаўтаў у самы далёкі касмічны палёт у гісторыі

28.09.2025 / 13:14

Nashaniva.com

Упершыню за апошнія 50 гадоў людзі зноў падляцяць да Месяца так блізка і ўпершыню паляцяць ад Зямлі так далёка. 

Фота: НАСА

У лютым 2026 года НАСА плануе ажыццявіць самы далёкі ў гісторыі чалавецтва палёт з удзелам людзей. Місія «Артэміда-2» стане часткай праграмы па вяртанні чалавека на Месяц, у якой удзельнічаюць чатыры астранаўты — трое з ЗША і адзін з Канады. Яны не будуць высаджвацца на Месяц, але стануць першымі людзьмі, што з часу «Апалона-17» у 1972 годзе пакінуць арбіту Зямлі і праляцяць каля 9200 км за Месяц, піша ВВС.

«Артэміда-2» прызначана для тэставання ўсіх сістэм перад будучай высадкай на Месяц. Астранаўты правядуць дзесяцідзённы палёт на борце капсулы «Арыён», якая стане іх домам на ўвесь час палёту. Капсула пасля выхаду на арбіту накіруецца ў бок Месяца, зробіць аблёт спадарожніка і вернецца на Зямлю.

Дырэктар запуску Чарлі Блэквел-Томпсан паведаміла, што ракета практычна гатовая, завяршаюцца выпрабаванні капсулы і наземных сістэм.

Кіраўнік палёту Джэф Радзігэн патлумачыў, што экіпаж паглыбіцца ў космас далей, чым хто-небудзь з астранаўтаў раней: «Яны праляцяць як мінімум на 5000 марскіх міль (9200 км) далей за Месяц — гэта нашмат больш, чым у любой з папярэдніх місій», — сказаў ён журналістам.

Хто ў экіпажы?

Грэг Рыд Уайзман (камандзір місіі) — амерыканскі астранаўт, удзельнік экспедыцыі на МКС у 2014 годзе. Паводле яго, «Артэміда-2» стане крокам да жыцця людзей на Месяцы і Марсе.

Віктар Гловер (пілот) — першы афраамерыканец, які адправіцца да Месяца. Ён раней быў пілотам місіі SpaceX Crew-1. Мае тры магістарскія ступені.

Крысціна Кук стане першай жанчынай, якая паляціць да Месяца. Інжынерка, у 2019 годзе правяла на МКС 328 дзён і ўдзельнічала ў першым жаночым выхадзе ў адкрыты космас.

Джэрэмі Хансен — першы канадзец, які адправіцца ў такую далёкую місію. Быў пілотам-знішчальнікам і фізікам.

Што будуць рабіць у палёце

Астранаўты правядуць манеўры збліжэння з другой часткай ракеты, каб адрэпетаваць будучыя стыкоўкі. Таксама яны прымуць удзел у навуковых эксперыментах — сярод іншага будуць вывучаць уплыў радыяцыі і мікрагравітацыі.

Чакаецца, што місія адкрые шлях для «Артэміды-3», у межах якой нарэшце плануецца высадка чалавека на Месяц. Але эксперты лічаць, што нават пры поспеху «Артэміды-2», высадка ў 2027 годзе малаверагодная, бо неабходны для гэтага карабель Starship ад SpaceX пакуль не дасягнуў стабільных палётаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула