БЕЛ Ł РУС

13 нядаўна вызваленых і вывезеных у Літву палітвязняў выказалі жаданне легалізавацца ў Польшчы

26.09.2025 / 13:37

Nashaniva.com

Гэтыя людзі папрасілі прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета паспрыяць ім у такой легалізацыі. Пра тое паведаміў «Позірку» намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

11 верасня на волю выйшлі 52 палітвязні

«Я перадаў ведамству па справах замежнікаў адпаведны спіс і гэтую просьбу. У нас ужо адбыўся працоўны кантакт з ведамствам па справах замежнікаў, дакументы былі перададзены і ў Міністэрства замежных спраў Польшчы», — паведаміў ён.

Па словах палітыка, дасягнутая папярэдняя дамоўленасць, што польскі бок «будзе намаграцца садзейнічаць легалізацыі тых палітычных зняволеных, якія выйшлі з турмаў у Беларусі», і «не будзе прымяняць да іх Дублінскую папраўку» (Дублінскі рэгламент вызначае, якая краіна ЕС нясе адказнасць за разгляд заяўкі на прадастаўленне міжнароднай абароны або прытулку, каб прадухіліць падачу некалькіх заявак у розных краінах і вызначыць адзіную адказнасць за разгляд кожнай заяўкі).

Пры гэтым Латушка падкрэсліў, што «кожны выпадак носіць індывідуальны характар, але ў цэлым агульны падыход станоўчы».

У рамках працоўнай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы (Латушка ўзначальвае беларускую частку, з польскага боку — кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Томаш Цытрыновіч), па словах суразмоўцы, дасягнута дамоўленасць правесці праз тыдзень асобнае пасяджэнне.

Гэта пасяджэнне, як сказаў Латушка, «будзе прысвечана выключна пытанням легалізацыі палітычных зняволеных, якія выйшлі з турмаў». «Мы таксама абмяркуем і далейшыя магчымыя крокі, калі, як мы ўсе спадзяемся, вызваленні будуць працягвацца», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула