БЕЛ Ł РУС

Алесь Бяляцкі перанёс у зняволенні аперацыю

25.09.2025 / 10:55

Nashaniva.com

Алесю Бяляцкаму сёння споўнілася 63 гады. Пяты раз пасля апошняга арышту і суда над ім Бяляцкі сустракае дзень народзінаў за кратамі.

Як стала вядома Радыё Свабода, зняволенага нобелеўскага лаўрэата гэтым летам вазілі на аперацыю ў турэмны шпіталь у Калядзічах пад Мінскам.

«Ведаем, што аперацыя была на нагах, але якая дакладна — невядома. І нібыта аперацыя прайшла нармальна, інакш бы яго не вярталі ў калонію гэтак хутка. А яго вярнулі, ён зноў у атрадзе. Але ці зноў працуе Алесь на дрэваапрацоўцы, ці дзе ў іншым месцы, невядома», — расказала пра Бяляцкага крыніца, якая прасіла захаваць ананімнасць.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі ў зняволенні з ліпеня 2021 года, ён адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласці. Алесь асуджаны на 10 гадоў зняволення. Гэта ўжо другі працяглы тэрмін зняволення праваабаронцы, не лічачы шматлікіх адміністрацыйных арыштаў.

Падчас адбыцця пакарання ў бабруйскай калоніі з 2011 па 2014 год, як казалі сябры Алеся Бяляцкага, у яго не было вялікіх праблемаў са здароўем. Тады ў калоніі Бяляцкі працаваў на шыцці пальчатак, меў спатканні з сваякамі і атрымліваў пасылкі з дому. Гэтым разам адразу пасля змяшчэння ў горацкую калонію праваабаронцу накіравалі працаваць на цяжкую вытворчасць — на дрэваапрацоўку, і неўзабаве ў яго ўзніклі праблемы са здароўем.

Пра ўмовы, у якіх жыве і працуе Алесь Бяляцкі ў калоніі, звестак няшмат, бо кантакты з ім адміністрацыя калоніі максімальна абмяжоўвае.

Паводле крыніцы «Свабоды», са снежня 2024 года ад Алеся Бяляцкага няма лістоў, а апошнюю паштоўку ад яго атрымалі ў канцы года.

«У мяне ўсё нармальна, не хвалюйцеся», — напісаў Алесь Бяляцкі. Пра свае праблемы са здароўем тады ён нічога не паведаміў.

Станоўчай навіной крыніца называе тое, што ўдалося перадаць харчовую перадачу для Алеся Бяляцкага.

«Добра, што сёлета ўдалося перадаць Алесю прадуктовую перадачу. Такіх перадач ён быў пазбаўлены папярэднія два гады, а гэта вельмі цяжка — жыць у калоніі без падтрымкі. Сваякі спадзяюцца, што перадача дайшла цалкам і Алесь застаўся задаволены», — сказала крыніца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула