БЕЛ Ł РУС

Аўтобусы ўжо займаюць чаргу перад польскай мяжой

24.09.2025 / 14:31

Nashaniva.com

Аператыўна пасля абвяшчэння Польшчай пра адкрыццё мяжы з 25 верасня перавозчыкі пачалі фарміраваць прамыя аўтобусныя рэйсы з Беларусі.

Як паведамілі Onliner у сэрвісе «Атлас», ужо даступныя квіткі на рэйсы з Гродна ў Варшаву з 25 верасня з адпраўленнем у 00:20, 01:00, 08:10, 13:00. Таксама адкрыты продаж і на зваротныя рэйсы. Аўтобусы будуць ісці праз пункт пропуску «Брэст».

Час у дарозе — каля 9 гадзін, але не трэба ставіцца да гэтага літаральна: усё залежыць ад часу праходжання мяжы.

Цана засталася ранейшай — 150 рублёў.

Няма сумневаў, што і іншыя перавозчыкі хутка пачнуць прадаваць квіткі на прамыя рэйсы ў Польшчу. Пакуль жа ў многіх буйных сэрвісаў даступныя квіткі з перасадкай пераважна ў Літве.

«Мінсктранс» паведамляе, што ў сувязі з адкрыццём пункта пропуску «Тарэспаль» аднаўляецца выкананне рэйсаў па наступных маршрутах:

Квіткі на прамыя аўтобусы з’явіліся і ў Ecolines. Кошт квіткоў ніжэйшы, чым на рэйсы з перасадкамі, заяўлены час у дарозе таксама меншы. Сёння апоўдні ўжо паведамляюць: аўтобусы становяцца ў «чаргу» перад пунктам пропуску «Брэст», яны рыхтуюцца ўначы выязджаць у Польшчу.

Продаж квіткоў на аўтобусы з адпраўленнем у Польшчу ідзе поўным ходам. Гэта ўжо прамыя рэйсы, а не аб’ездныя праз Літву або Латвію. Квіткі пакуль можна знайсці нават на заўтра.

— Продаж квіткоў ужо адкрыты. І попыт на паездкі расце. На першыя рэйсы амаль усе квіткі прададзены. Таму калі плануеце паездкі, то пра куплю лепш паклапаціцца загадзя, — папярэдзілі ў «Атласе».

— Для пасажыраў даступныя некалькі дзясяткаў рэйсаў па маршрутах Гродна — Варшава, Гродна — Беласток, Мінск — Беласток, Мінск — Варшава, Гомель — Познань і іншыя ў прамым і зваротным кірунку.

Кошт застаўся ранейшы: як і да закрыцця мяжы, з Гродна ў Варшаву можна даехаць за 150 рублёў, праезд ад Гомеля да Познані каштуе 220 рублёў. А з Мінска да сталіцы Польшчы ёсць квіткі нават па 130 рублёў.

Што будзе з чэргамі, пакуль ніхто не бярэцца прагназаваць. Відавочна, што яны будуць і будуць вялікія, прынамсі на момант адкрыцця мяжы.

Транзітныя рэйсы праз Латвію, як чакаецца, будуць страчваць папулярнасць.

— Перавозчыкі актыўна шукалі новыя напрамкі, каб даставіць пасажыраў у ЕС або назад. Адзін з іх — транзіт на Варшаву і Беласток праз Латвію. Паездка няблізкая — больш за 1000 км у адзін бок. Таму з адкрыццём польскай мяжы актуальнасць такіх паездак сышла на нішто, — адзначаюць у «Атласе».

Літоўскі напрамак застанецца загружаным, бо карыстаецца попытам незалежна ад працы пунктаў пропуску на польскай мяжы.

— Літоўскі напрамак апошнім часам таксама стаў папулярным. Найперш з-за хуткасці перасячэння мяжы. На пунктах пропуску «Беняконі» і «Каменны Лог» чэргі з аўтобусаў не фіксуюцца. Таму попыт на квіткі з Гродна і Мінска ў Вільню застаецца стабільна высокім. Звычайна прададзены амаль усе рэйсы на бліжэйшы тыдзень-два.

Цікава, што ў зваротным кірунку з Літвы ў Беларусь квіткі можна купіць сёння на сёння.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула