Таварныя знакі сеткі «Буслік» прадалі на таргах
На таргах у Мінску 23 верасня былі прададзены таварныя знакі беларускай сеткі дзіцячых крам «Буслік». Пакупцам выступіла кампанія Lemon Invest, піша Office Life.
Таварныя знакі прадалі на таргах за 39 тыс. рублёў. Знакі некалі вялікага рытэйлера дзіцячых тавараў выставілі на таргі ў пачатку гэтага года. Тады ўласнік — кампанія «ДПМ», якая ўвайшла ў банкруцтва — разлічвала прадаць 30 таварных знакаў за 74,2 тыс. рублёў.
— Мая новая кампанія вырашыла выкупіць гэтыя таварныя знакі, каб у «ДПМ» была магчымасць пагасіць запазычанасць перад работнікамі гандлёвай сеткі «Буслік», — растлумачыў Office Life Сяргей Місячэнка прычыну такой пакупкі.
— З самага пачатку, калі стала ясна, што крамы сеткі не выратаваць, маёй галоўнай мэтай было пагасіць даўгі па зарплаце, што і было зроблена. Аднак болей за 30 супрацоўніц кампаніі на той час знаходзіліся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем і не звольніліся. Перад імі назапасілася запазычанасць у тым ліку і па выплатах дапамог на дзяцей. Цяпер, калі рэалізуецца маёмасць рытэйлера, гэтыя грошы па заканадаўстве ідуць банку‑крэдытору, што балюча ўспрымаецца работнікамі.
Заўважым, даўгі па дапамогах складаюць амаль 66 тыс. рублёў.
Каб хаця б часткова вырашыць гэтую сітуацыю, Lemon Invest купіла таварныя знакі «Бусліка». Для гэтага кампанія ўзяла крэдыт у Альфа‑Банка.
Як менавіта будуць выкарыстоўвацца ў будучыні гэтыя таварныя знакі, Сяргей Місячэнка пакуль не вырашыў.