Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю
Мяжа будзе адкрыта з 25 верасня.
Закрыты пагранпераход «Тарэспаль» на польска-беларускай мяжы, 12 верасня 2025. Фота: AP Photo Rafal / Niedzielski
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў аб адкрыцці мяжы з Беларуссю.
Адпаведнае распараджэнне сёння выдасць Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны. Мяжа будзе адкрыта з 25 верасня.
«Хацеў паведаміць аб прыняцці рашэння, разам з кіраўніком Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, які сёння, праз момант, выдасць адпаведнае распараджэнне, аб паўторным адкрыцці пагранічных пераходаў, чыгуначных і аўтамабільных. Тых, што былі зачыненыя ў сувязі з манеўрамі «Захад» і, што зразумела, з ростам пагрозы і палітычнай нестабільнасці, як фактычнай, так і вакол нашых межаў, у нашым рэгіёне. Як ведаеце, вучэнні «Захад» завяршыліся, адначасова на тэрыторыі Рэспублікі Польшча адбываліся ў вялікім маштабе саюзніцкія вучэнні, мы прысутнічалі на гэтых вучэннях разам з міністрам нацыянальнай абароны», — заявіў прэм’ер Дональд Туск падчас пасяджэння ўрада.
Мяжа была закрыта з 12 верасня, калі пачаліся сумесныя беларуска-расійскія вучэнні, і распараджэнне не было адменена з іх заканчэннем 16 верасня.
Пазней стала вядома, што лідарка палякаў Беларусі, былая палітзняволеная Анжаліка Борыс сёння атрымала дазвол на сустрэчу з палітзняволеным польскім актывістам Андрэем Пачобутам і наведала яго ў наваполацкай калоніі.
Вызваленне Пачобута і спыненне рэпрэсій супраць беларускіх палякаў было часткай патрабаванняў Варшавы да Мінска.