Байсол: Сродкі з экстраннага збору будуць выплачаныя палітвязням цалкам
«Байсол» днямі паведаміў, што на выплаты накіруе 50 тысяч еўра з сабраных 111 тысяч, а астатнія зарэзервуе пад наступную групу вызваленых. Але пасля крытыкі змяніў рашэнне.
Фонд «Байсол» паведаміў пра змены ў падыходзе да выплат з экстраннага збору.
«Мы ўлічылі заўвагі і крытыку, яшчэ раз прааналізавалі папярэдняе рашэнне «Байсол». Першапачаткова мы планавалі выплаціць вызваленым 11 верасня агульную суму, устаноўленую ў зборы, — 50 тыс. еўра. Астатнія сродкі — 60 тыс. еўра — меркавалася зарэзерваваць для наступных груп вызваленых.
На жаль, у тэксце збору гэтыя планы не былі прама прапісаныя. Мы прызнаём гэтую памылку і разумеем, што многія данацілі ўжо пасля дасягнення мэты ў 50 тыс. еўра, каб дапамога для вызваленых была большай», — зазначае фонд.
«Байсол» паведамляе, што гатовы пачаць выплаты ў найбліжэйшы час без лішніх працэдур і фармальнасцяў. Уся сума будзе падзелена на 52 чалавекі і выплачаная вызваленым палітвязням.
Нагадаем, што экстранны збор быў абвешчаны 11 верасня праз некалькі гадзін пасля інфармацыі пра вызваленне 52 палітвязняў.
Першапачаткова планавалася сабраць 50 тысяч еўра, у разліку 1000 еўра на чалавека, але неабходная сума была сабраная за тры гадзіны. За двое сутак было сабрана 100 тысяч еўра, затым збор дарос да 111 тысяч 365 еўра.