БЕЛ Ł РУС

Закрыццё беларуска-польскай мяжы заблакавала больш за 130 цягнікоў з Кітая ў Еўропу

23.09.2025 / 12:5

Nashaniva.com

Закрыццё мяжы закранула больш за 130 грузавых цягнікоў у чыгуначным спалучэнні Кітай — Еўропа. Пра гэта паведамляе Yicai са спасылкай на даклад кампаніі New Silk Road Intermodal Sichuan.

«Ва ўсіх нашых калег, якія працуюць на чыгуначным экспрэсе «Кітай — Еўропа», ёсць грузавыя цягнікі, якія адправіліся пасля 12 верасня. Некаторыя ўжо прыбылі ў Брэст і чакаюць мытнага афармлення, а іншыя ўсё яшчэ ў дарозе», — цытуе выданне Тана Цінціна, памочніка гендырэктара кампаніі.

Па інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, на мяжы цяпер адстаўленымі ад руху стаяць 30‑35 з гэтых цягнікоў.

Кампаніі, якія ажыццяўляюць чыгуначныя перавозкі паміж Кітаем і Еўропай, ужо прынялі шэраг мер, якія ўключаюць часовае прыпыненне руху цягнікоў, перанакіраванне іх у Санкт-Пецярбург, каб далей забяспечыць дастаўку морам, а таксама павялічылі колькасць цягнікоў па паўднёвай лініі маршруту ў Еўропу, якая пралягае праз Казахстан, Азербайджан і Грузію, а затым праз Чорнае мора ці Турцыю.

Польшча ўначы з 11 на 12 верасня закрыла мяжу з Беларуссю ў адказ на гібрыдныя атакі і правакацыі Мінска. Гэта выклік для Пекіна: гандаль Кітая з Еўрасаюзам у значнай ступені ідзе праз беларускія транспартныя калідоры.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што польскі бок адкрые мяжу, калі Кітай дапаможа ў вырашэнні праблем з Беларуссю.

Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю недружалюбным палітычным крокам, скіраваным супраць Кітая. Пра гэта ён заявіў 22 верасня на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая Лі Сі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула