Беларус у ЗША стаў рабом без дакументаў і шукае спосаб вярнуцца дадому
Беларус працаваў дальнабойшчыкам у Амерыцы, але працадаўца адабраў яго пашпарт і не плаціў заробак. Пасля траўмы мужчына застаўся зусім ні з чым. Цяпер ён жыве ў Даласе і марыць вярнуцца дадому ў Беларусь.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com
Гісторыю расказалі валанцёры з «Альтэрнатывы». Да іх звярнулася жанчына, якая вырашыла дапамагчы свайму знаёмаму.
Міхаіл (імя зменена), грамадзянін Беларусі, шмат гадоў таму ён пераехаў у Амерыку. Мужчына працаваў дальнабойшчыкам у Х’юстане.
Першы час усё было нядрэнна, але пазней у Міхаіла ўзніклі фінансавыя праблемы. Кіраўнік кампаніі паабяцаў дапамагчы з выплатамі і пад гэтай падставай забраў у яго дакументы. Міхаіл паверыў і працягваў працаваць. Частку заробку яму выплачвалі, а астатняе нібыта ішло на аплату доўгу.
Пазней здарылася аварыя, а потым вытворчая траўма, якая прывяла да сур’ёзнага апёку цела. Пасля гэтага Міхаіл і зусім быў вымушаны жыць пры офісе без заробку. Ён працаваў за ежу і цыгарэты, яму нават забаранялі зносіны па тэлефоне.
Міхаіл працаваў і механікам, і вадзіцелем, і памочнікам, увогуле, выконваў усе работы. Гады ішлі, а дакументы яму так і не аддалі. Ніякай дапамогі ў вырашэнні фінансавых пытанняў, як пазней высветлілася, таксама не было, «гаспадар» проста прысвойваў грошы. У кастрычніку мінулага года яны знаходзіліся ў Даласе, займаліся будаўніцтвам. Як падзялілася знаёмая беларуса, «Міхаіл спрабаваў усё вырашыць, дамовіцца, але нічога не атрымлівалася. Ён стаў нікім, рабом».
Аднак у тым жа кастрычніку мужчыну ўдалося выклікаць паліцыю, Міхаіл змог сысці ад «гаспадара» літаральна ў чым быў. Пасля інцыдэнту супрацоўнікі паліцыі сказалі, што больш нічым дапамагчы не могуць.
Далей ён спрабаваў кудысьці ўладкавацца і знайшоў сям’ю, якая адгукнулася яму дапамагчы. Ну як дапамагчы — спачатку ён працаваў за ежу і начлег у шынамантажы, а цяпер за тое ж самае дапамагае па гаспадарцы на ўскраіне Даласа.
Мужчына ўжо ва ўзросце і вельмі хоча вярнуцца дадому ў Беларусь, дзе ў яго ёсць дом. Але ні дакументаў, ні сродкаў на вяртанне ў яго няма. А звароты ў паліцыю прыводзяць толькі да аднаго — там разводзяць рукамі, што яму рабіць не ведаюць.
Валанцёры просяць усіх, хто можа дапамагчы беларусу, у тым ліку тых, хто жыве ў Даласе, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і пасольстваў Беларусі, паспрыяць вяртанню Міхаіла.