БЕЛ Ł РУС

Хлопец з Індыі паступіў вучыцца ў Санкт-Пецярбург, а ў яго адабралі пашпарт і адправілі на вайну

23.09.2025 / 10:11

Nashaniva.com

30‑гадовы Ракеш Кумар з Індыі паехаў у Расію ў жніўні, атрымаўшы візу для навучання ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Аднак ужо праз некалькі тыдняў ён паведаміў сваёй сям’і, што быў прымусова завербаваны ў расійскую армію і рыхтуецца да адпраўкі на фронт ва Украіну.

Ракеш Кумар паехаў у адзін з ВНУ ў Пецярбургу па вучэбнай візе. Але праз некалькі дзён у размове з сваякамі ў Індыі ён пачаў намякаць, што знаходзіцца ў цяжкім становішчы, піша The Times of India.

30 жніўня Ракеш паведаміў брату, што яго прымусова прызвалі ў расійскую армію і неўзабаве накіруюць у зону баявых дзеянняў ва Украіне. Пасля гэтай размовы тэлефон Ракеша стаў недаступны, а пазней сям’і даслалі яго фатаграфію ў вайсковай форме.

Праз некалькі дзён Ракеш зноў патэлефанаваў, на гэты раз з незнаёмага расійскага нумара. Ён расказваў, што ў яго канфіскавалі пашпарт і асабістыя дакументы, выдалілі электронную пошту. Ён прайшоў падрыхтоўку на Данбасе перад тым, як яго адправілі на поле бою. Гэта быў апошні раз, калі сям’я чула пра яго.

Родныя напісалі ў МЗС Індыі, а таксама звярнуліся па падтрымку ў індыйскую амбасаду ў Маскве і да мясцовых уладаў.

«Мы нават не ведаем, ці ён жывы. Мы проста хочам, каб урад вярнуў яго дадому», — кажа старэйшы брат Ракеша.

Паводле The Times of India, гэта не першы падобны выпадак за апошнія месяцы. Як мінімум 20 грамадзян Індыі заяўлялі, што іх завабілі ў Расію пад выглядам навучання або працы, а затым прымусілі ўступіць у расійскую армію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула