Чыноўнік ад турызму наракае, што ў Беларусі вельмі кепскія гатэлі
Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў у эфіры тэлеканала СТБ адзначыў, што галоўнай праблемай турыстычнай сферы ў Беларусі з’яўляецца кепскі стан нумарнога фонду гатэляў.
Фота ілюстрацыйнае
Па словах Дзмітрыя Марозава, у краіне да гэтага часу ёсць шмат гатэляў з вельмі сціплымі ўмовамі — напрыклад, па цане каля 25 рублёў за ноч, але з выгодамі на паверсе.
Такія ўстановы, якія часта адносяцца да сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, звычайна размешчаныя ў менш прывабных для турыстаў рэгіёнах.
У той жа час Марозаў падкрэсліў, што 2025 год стаў найбольш паспяховым у гісторыі беларускага турызму з пункту гледжання колькасці наведвальнікаў. У многіх месцах, дзе можна было пасяліць турыстаў, месцаў не засталося. Але пры гэтым існуе шмат аб’ектаў, дзе прымаць людзей фактычна немагчыма з-за нездавальняючага стану нумароў.
Асноўная цяжкасць у тым, што рамонт і мадэрнізацыя патрабуюць сродкаў, якія павінны фарміравацца з прыбытку. Калі ж гатэль пустуе, то няма і грошай на яго рамонт. А калі ён запоўнены больш чым на 85%, то таксама цяжка рабіць рамонт, бо няма магчымасці закрыць частку нумароў.
Нацыянальнае агенцтва па турызме, якое нядаўна было перападпарадкавана ўраду, цяпер атрымала шырэйшыя паўнамоцтвы: яно будзе адказваць за дзяржаўнае рэгуляванне, распрацоўку і рэалізацыю адзінай палітыкі ў сферы турызму, каардынацыю дзейнасці органаў улады, прыняцце нарматыўных актаў, а таксама прасоўванне турыстычнага патэнцыялу Беларусі на ўнутраным і знешнім рынках.
Асноўныя задачы на бліжэйшыя пяць гадоў — амаль у два разы павялічыць уклад турызму ў эканоміку і давесці яго долю ў ВУП да не менш як 4,5% у 2030 годзе.