БЕЛ Ł РУС

Украінскія дроны атакавалі Маскву

22.09.2025 / 21:20

Nashaniva.com

Увечары 22 верасня Масква трапіла пад атакі беспілотнікаў. Пра гэта паведаміў мэр сталіцы Расіі Сяргей Сабянін у сваім тэлеграм-канале.

Скрыншот з відэа

Паводле слоў Сабяніна, сілы супрацьпаветранай абароны Міністэрства абароны Расіі збілі сем дронаў. Па папярэдняй інфармацыі, пашкоджанняў і ахвяр няма, а экстранныя службы ўжо працуюць у тых месцах, дзе зафіксавалі падзенні абломкаў.

Пазней мэр Масквы ўдакладніў, што было перахоплена яшчэ два беспілотнікі.

Жыхары Масквы і бліжэйшага Падмаскоўя паведамлялі ў сацсетках пра гучныя выбухі. Асабліва шмат сігналаў паступіла з падмаскоўных Нахабіна, Адзінцоўскай акругі, Рэутава, Зяленаграда, а таксама з маскоўскіх раёнаў Канькова, Говарава, Кузьмінкі, Чартанава, Паўднёвае Бутава, Хамоўнікі і Сколкава.

Некаторыя СМІ і тэлеграм-каналы сцвярджалі, што ў сталічных аэрапортах увялі план «Дыван», які прадугледжвае абмежаванне палётаў у выпадку пагрозы. Але афіцыйны прадстаўнік Расавіяцыі Арцём Караняка назваў гэтыя паведамленні недакладнымі і заявіў, што аэрапорты Шарамеццева, Унукава, Дамадзедава і Жукоўскі прымаюць і адпраўляюць рэйсы ў штатным рэжыме. Ён таксама адзначыў, што спецыялісты ўзмацнілі маніторынг, каб гарантаваць бяспеку цывільных палётаў.

Тым не менш, пазней усё ж было пацверджана, што ў аэрапорце Шарамеццева ўвялі часовыя абмежаванні.

У той жа час жыхароў Новай Масквы перапалохаў грузавы самалёт, які ляцеў вельмі нізка. Транспартніку, як мяркуецца, давялося ляцець на малой вышыні падчас атакі БПЛА і закрыцця аэрапорта Шарамеццева.

Скрыншот з відэа

Міністэрства абароны Расіі сітуацыю пакуль не каментавала. Апошні раз ведамства афіцыйна паведамляла пра падобны інцыдэнт 12 верасня, калі над Маскоўскай вобласцю было перахоплена дзевяць беспілотнікаў.

Чытайце таксама:

Расія ўдасканаліла атакі дронамі — забяспечваць тыл украінцам становіцца цяжэй

У Крыме ўпершыню знішчаны два расійскія самалёты-амфібіі Бе-12 — ГУР

У выніку расійскага ўдару па Запарожжы загінулі тры чалавекі

Каментары да артыкула