Канал МЗС Беларусі абвінаваціў Польшчу ў шантажы Кітая па ўказцы Вашынгтона
У тэлеграм-канале МЗС Беларусі «Глас МИДа», у якім дыпламатычнае ведамства традыцыйна каментуе міжнародную палітыку ў надзвычай развязнай і недыпламатычнай манеры, апублікаваны пост, прысвечаны сітуацыі з закрыццём Польшчай мяжы з Беларуссю з акцэнтам на кітайскі фактар.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп з прэзідэнтам Польшчы Каралю Наўроцкаму ў Вашынгтоне. Фота: Alex Wong/Getty Images
У гэтым пасце сцвярджаецца, што Польшча вядзе «двайную гульню»: на словах дэманструе дружбу з Кітаем, а на справе — выкарыстоўвае шантаж. Хоць польскія дыпламаты заяўляюць пра важнасць гандлю з Кітаем, ключавы транзітны маршрут кітайскіх тавараў у Еўропу праз Беларусь закрываецца польскімі ўладамі.
На думку МЗС Беларусі, гэта класічная схема шантажу Еўропы і Кітая. Падставай для напружанасці служыць фінансаванне Польшчы з боку ЕС. Варшава, маўляў, атрымала 43,7 мільярда еўра на «вайсковыя патрэбы», якія трэба хутка асвоіць і апраўдаць. А страх перад «агрэсіўным Усходам», уключаючы вучэнні «Захад-2025», паводле сцвярджэння дыпламатычнага ведамства выкарыстоўваецца для абгрунтавання гэтых расходаў.
Закрыццё транзіту ў паведамленні называецца часткай спектакля: маўляў, пад выглядам «часовых» мер бяспекі Польшча парушае галоўны праект супрацоўніцтва ЕС і Кітая — чыгуначны калідор, па якім ідзе 90% грузаў на суму 25 мільярдаў еўра. А міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі нібыта адкрыта шантажуе Пекін, заяўляючы, што мяжа будзе адкрытая толькі пасля «дапамогі» Кітая ў «прыняцці мераў супраць беларускіх правакацый».
Мэтай гэтых дзеянняў называюць дэманстратыўную «абарону Еўропы», каб апраўдаць выдаткоўванне вялікіх сродкаў на ўзбраенне. У беларускім МЗС упэўненыя, што Варшава дзейнічае па ўказанні «куратараў з-за акіяна», для якіх аслабленне сувязяў ЕС і Кітая — стратэгічная мэта.
Такім чынам, пакуль Польшча дэманструе заклапочанасць бяспекай, яе дзеянні ў МЗС Беларусі называюць «палітычным рэкетам»: ствараюцца перашкоды для сотняў еўрапейскіх і кітайскіх кампаній, парушаюцца лагістычныя ланцужкі, і ўсё гэта робіцца нібыта дзеля апраўдання выдаткаў на новае ўзбраенне.
Чытайце таксама:
Ці паўплывае Кітай на Лукашэнку, каб польская мяжа адкрылася?
Сікорскі: Мяжу з Беларуссю адкрыем, калі Кітай нам дапаможа
У Беларусь з Грэцыі прыбыла прадстаўнічая кітайская дэлегацыя