У ЗША заклапочаныя, каб пасля зняцця санкцый з «Белавія» дэталі для «Боінгаў» не траплялі ў Расію
ЗША спрабуюць перашкодзіць таму, каб рашэнне адміністрацыі Дональда Трампа аб зняцці санкцый з беларускай авіякампаніі «Белавія» дало доступ да важных авіякампанентаў Расіі. Хоць амерыканцы дазваляюць прадаваць запчасткі самой «Белавія», яны імкнуцца забараніць кампаніі здзяйсняць палёты амерыканскімі самалётамі ў Расію. Аднак эфектыўнасць такой забароны выклікае сумневы, піша Politico.
Фота ілюстрацыйнае
Рашэнне аб частковым зняцці санкцый было прынята 11 верасня пасля вызвалення 52 палітвязняў, якія ўтрымліваліся ў Беларусі.
Адразу пасля гэтага Міністэрства гандлю ЗША даслала генеральнаму дырэктару «Белавія» Ігару Чаргінцу дакумент з умовамі доступу да запчастак для флоту авіякампаніі (16 самалётаў, у тым ліку 9 Boeing). У дакуменце абмежаванні для самалётаў амерыканскай вытворчасці выразна ўключалі забарону палётаў у Кубу, Іран, Паўночную Карэю, Расію, Сірыю і часова акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі (Крым, Данецкая і Луганская вобласці).
Беларуская авіякампанія пакуль не дала афіцыйнага каментара, ці спыніць яна рэйсы ў Расію. Эксперты адзначаюць, што кантроль за выкананнем амерыканскіх абмежаванняў у межах «Расія+» амаль немагчымы, таму кампанія можа працягваць рэйсы, нягледзячы на забарону.
Рызыка, што амерыканскія авіякампаненты трапяць у Расею, дзе авіяфлот мае вострую патрэбу ў тэхнічным абслугоўванні і запчастках пасля больш чым трох гадоў санкцый, значна ўзрасла пасля абвяшчэння пра змякчэнне санкцый для «Белавія».
Гэта рашэнне ЗША таксама выклікала магчымую напружанасць з Еўрапейскім саюзам. Камісар ЕС па фінансавых паслугах Марыя Луіс Альбукерке адзначыла, што санкцыі ЕС забараняюць еўрапейскім аператарам аказваць паслугі або даваць эканамічныя рэсурсы суб’ектам, уключаючы «Белавія». Гэта паднімае пытанне, ці павінны краіны ЕС перашкаджаць транзіту амерыканскіх запчастак праз сваю тэрыторыю ў Беларусь.
Экспертка Эліна Рыбакова адзначае, што на практыцы вызначыць, куды сапраўды ідуць запчасткі, складана: тэхналогіі могуць спыняцца ў Брусэлі на шляху ў Малдову, але на самай справе патрапляць у іншае месца. Акрамя таго, нацыянальныя органы могуць па-рознаму прымяняць санкцыі да такіх паставак.
У выніку рашэнне пра продаж запчастак будзе залежаць ад амерыканскіх вытворцаў, у тым ліку Boeing. Airbus, які мае вытворчасць у ЗША, паабяцаў дзейнічаць у поўнай адпаведнасці з міжнародным законам і санкцыйнымі рэжымамі ЕС і ЗША. Boeing пакуль не каментаваў сітуацыю.
Чытайце таксама:
Будрыс: ЕС не стане больш мяккім з-за таго, што ЗША знялі санкцыі з «Белавія»
Латушка: Зняцце санкцый з «Белавія» — крок у інтарэсах беларускага грамадства
Ці змогуць самалёты «Белавія» пасля зняцця санкцый ЗША зноў лётаць у Еўропу?
«Падрабязнасцяў не ведаем». «Белавія» не папярэдзілі, што з кампаніі здымуць санкцыі