БЕЛ Ł РУС

У Малдове праходзяць маштабныя вобшукі, у тым ліку сярод паплечнікаў прарасійскага палітыка Дадона

22.09.2025 / 14:36

Nashaniva.com

У Малдове прайшлі сотні вобшукаў па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і дэстабілізацыі. Прарасійскі лідар сацыялістаў Ігар Дадон заявіў, што ў частцы выпадкаў гаворка ідзе пра ягоных паплечнікаў.

Ігар Дадон. Фота з яго тэлеграм-канала

Генеральны інспектарат паліцыі Малдовы 22 верасня паведаміў, што раніцай прадстаўнікі шэрагу службаў правялі больш за 250 вобшукаў, піша «Еўрапейская праўда».

«У аперацыі фігуруюць больш за 100 чалавек з розных населеных пунктаў краіны. Вобшукі звязаны з крымінальнай справай аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і дэстабілізацыі, якія каардынавалі з РФ праз крымінальныя элементы», — заявілі ў паліцыі.

Экс-прэзідэнт Малдовы, лідар Партыі сацыялістаў Ігар Дадон, вакол якога сфармаваны прарасійскі «Патрыятычны блок», заявіў аб вобшуках у сваіх паплечнікаў на поўначы краіны.

Дадон назваў гэта «запалохваннем з боку злачыннага рэжыму» і заявіў, што прэзідэнт Мая Санду і яе партыя «шукаюць падстаў для адмены выбараў», бо «ведаюць, што іх палітычны канец блізкі».

У сфармаваны вакол Дадона прарасійскі блок, акрамя Партыі сацыялістаў, уваходзяць камуністы, партыя «Сэрца Малдовы» былой кіраўніцы Гагаузіі Ірыны Влах і «Будучыня Малдовы».

Да гэтага ў Малдове прайшлі вобшукі па справе аб падкупе выбаршчыкаў; у Кішынёве было канфіскавана мільён долараў па справе аб незаконным фінансаванні партый.

Раней агенцтва Bloomberg апублікавала матэрыял пра расійскі план умяшання ў выбары ў Малдове, а BBC апублікавала расследаванне пра дэзінфармацыю ў Малдове перад выбарамі за грошы з РФ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула