БЕЛ Ł РУС

«Рэч тут не ў Беларусі». Лукашэнка назваў закрыццё Польшчай мяжы недружалюбным палітычным крокам супраць Кітая

22.09.2025 / 11:54

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю недружалюбным палітычным крокам, скіраваным супраць Кітая. Пра гэта ён заявіў 22 верасня на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая Лі Сі.

Аляксандр Лукашэнка і Лі Сі на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Скрыншот з відэа

«Вельмі шмат у СМІ апошнім часам, асабліва ў сувязі з вашым візітам у Беларусь, рознага кшталту інсінуацый з нагоды ў тым ліку нашых адносін з Польшчай і закрыцця мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружалюбны крок палякаў — палітычны, нейкі, напэўна, іміджавы, як лічаць палякі, супраць Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але ніколькі не эканамічны. Паколькі такая імперыя, як Кітай, лёгка справіцца з гэтай праблемай. Але тэма гучыць», — сказаў Лукашэнка.

Ён патлумачыў Лі Сі, што «рэч тут не ў Беларусі», і паабяцаў расказаць нейкія інсайды на гэты конт. 

«Я хацеў бы з вамі сам-насам, калі вы не супраць, пасля нашай сустрэчы расказаць вам сёе-тое і падзяліцца нашымі дадзенымі на гэтую тэму. Справа тут не ў Беларусі. Ну а Польшча адыгрывае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў», — дадаў ён.

Пасля сустрэчы ў Каміннай зале Лукашэнка запрасіў высокага кітайскага госця ў кабінет «абмеркаваць пытанні, якія не падлягаюць агалосцы», піша яго прэс-служба. 

Лі Сі — адзін з сямі найбольш высокапастаўленых кіраўнікоў Кітая. Узначальвае Цэнтральную камісію Камуністычнай партыі Кітая па праверцы дысцыпліны (CCDI) — галоўны антыкарупцыйны і кантрольны орган КПК. Уваходзіць у Пастаянны камітэт Палітбюро ЦК КПК — найвышэйшы орган палітычнай улады ў Кітаі.

У верасні 2025 года Лі Сі наведаў Еўропу — у Грэцыі ён сустрэўся з кіраўніцтвам краіны. 21 верасня ён прыбыў у Мінск. Аналітыкі звязваюць яго прыезд з праблемамі кітайскага транзіту праз Беларусь і Польшчу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула