На вайне загінуў польскі паліцэйскі, які ваяваў на баку Расіі
На вайне з Украінай загінуў грамадзянін Польшчы, былы вайсковец і былы паліцэйскі Ежы Тыц. Пра яго гібель паведамілі ў афіцыйным тэлеграм-канале ўрада Курскай вобласці.
Ежы Тыц, былы артылерыст і экс-паліцэйскі, быў кіраўніком мемарыяльнага таварыства «Курск» у Польшчы, што займалася аднаўленнем манументаў і воінскіх пахаванняў савецкіх салдат часоў Другой сусветнай вайны.
Ён казаў, што заўсёды цікавіўся ваеннай гісторыяй і скончыў ваеннае вучылішча. Паводле яго слоў, пакінуў армію ў 1989 годзе. «Я ніколі не служыў у НАТА, чым вельмі ганаруся», — гаварыў ён. Тыц пайшоў у паліцыю, а таксама займаўся барацьбой, паводле яго азначэння, «з фальсіфікацыяй гісторыі, знішчэннем помнікаў, вайной супраць мёртвых».
Апошнія гады ён пражываў у Расіі. У 2020 годзе ад Сяргея Шайгу атрымаў медаль «Памяці абаронцаў Айчыны».
З пачаткам поўнамаштабнай вайны з Украінай Ежы Тыц ваяваў на баку Расіі, узяў сабе пазыўны «Зыгмунт».