Новыя iPhone ужо ў Беларусі. Колькі каштуюць і ці варта ехаць па іх у Польшчу або Літву?
Apple 9 верасня прэзентавала новую лінейку iPhone, а з 19 верасня пачаўся старт продажаў. Новыя смартфоны ўжо дабраліся да Беларусі. Паглядзелі, за колькі іх можна набыць і ці ўдасца сэканоміць, калі купіць іх у Польшчы ці Літве.
iPhone 17 Pro Max і 17 Pro. Фота: «Наша Ніва»
З дастаўкай на кастрычнік
У каталозе Onliner новыя айфоны ў залежнасці ад мадэлі прапануюць усяго па 2—3 прадаўцы.
З буйных сетак такія прапановы ёсць толькі ў «5 элемента». Кошт на базавы iPhone 17 на 256 GB складае 3900 рублёў (каля 1100 еўра). Але тэлефоны прывязуць пад заказ толькі 17 кастрычніка.
Скрыншот: onliner.by
Pro версія каштуе 5900 рублёў (1650 еўра), Pro Max — 6700 рублёў (амаль 1900 еўра) за версіі на 256 GB.
Скрыншот: onliner.by
Самы тонкі смартфон у гісторыі Apple — iPhone Air — прапануюць за 5200 рублёў за 256 GB і 6200 з памяццю на 512 GB.
Але ў наяўнасці ў гэтых прадаўцоў тэлефонаў няма. Калі замовіць іх цяпер, то самая ранняя дата дастаўкі стаіць на 6 кастрычніка.
Тэлефоны з рук ужо ёсць
Пры гэтым новыя iPhone у Беларусі, акрамя базавага iPhone 17, ужо прадаюць з рук.
Цэны на 17 Pro на 256 GB, напрыклад, пачынаюцца з 5 185 рублёў (каля 1456 еўра).
Скрыншот: kufar.by
За 17 Pro Max просяць ад 6200 рублёў (1740 еўра). У апісанні да аб'яўлення пазначана, што тэлефоны прывезеныя з ААЭ і маюць толькі e-sim.
Скрыншот: kufar.by
iPhone Air у наяўнасці прадаюць за 4900‑5000 рублёў (каля 1400 еўра), на замову з дастаўкай на 29 верасня ёсць прапановы за 4400 рублёў (або 1235 еўра).
У iPhone Air за 5500 рублёў (каля 1540 еўра) напісана, што тэлефон прывезены з Еўропы.
А што ў Польшчы і Літве?
У суседніх краінах айфоны новай серыі ўжо прадаюцца афіцыйна.
iPhone 17 у Польшчы каштуе ад 4000 злотых (прыблізна 940 еўра), а ў Літве — 990 еўра.
А вось iPhone 17 Pro, наадварот, крыху танней у Літве — 1350 еўра, супраць 1360 еўра (5800 злотых) у Польшчы.
Версія Pro Max крыху танней у Польшчы — 6300 злотых (1480 еўра), супраць 1500 еўра ў Літве.
Супертонкі iPhone Air у абедзвюх краінах каштуе каля 1250 еўра.
Аднак моцна сэканоміць на куплі смартфона ў ЕС, як гэта было ў папярэднія гады, сёлета не атрымаецца. Праз санкцыі мытня ў ЕС не аформіць Tax Free пакупнікам з Беларусі, таму вярнуць VAT (падатак на дабаўленую вартасць) ужо не атрымаецца.