БЕЛ Ł РУС

Пашырэнне метро, знос старой забудовы. Падвялі вынікі абмеркавання новай рэдакцыі генплана Мінска

22.09.2025 / 7:27

Nashaniva.com

Гараджан хвалююць перспектывы жыллёвага будаўніцтва, лёс прыватнага сектара, развіццё транспарту. Пра вынікі грамадскага абмеркавання новай рэдакцыі генплана Мінска, пішуць Мінск-навіны.

Фота: Мінск-навіны

За праз два тыдні абмеркавання ў раённыя адміністрацыі паступіла 212 зваротаў ад жыхароў.

— Раней такой вялікай колькасці пісьмовых зваротаў наконт праекта генплана не паступала, — пракаментаваў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Гуцько.

У асноўным гараджан хвалявалі тэмы транспартнага развіцця сталіцы; перспектывы жылых, вытворчых, грамадскіх тэрыторый; лёс прыватнага сектара, а таксама пытанні экалогіі, развіцця інжынернай інфраструктуры.

В. Гуцько адзначыў, што значная частка гараджан пажадала азнаёміцца з прадстаўленымі матэрыяламі асабіста і для гэтага прыязджала ў адміністрацыю Маскоўскага раёна, дзе была арганізавана экспазіцыя, дэманстравалася прэзентацыя праекта, а спецыялісты «Мінскграда» маглі даць неабходныя тлумачэнні.

Што тычыцца пытанняў, то не ўсе з іх адносяцца да кампетэнцыі генплана сталіцы. Часта гараджане абазначалі праблемы, якія павінны вырашаць на месцах раённыя адміністрацыі.

Напрыклад, устаноўка шумаахоўных экранаў уздоўж МКАД, арганізацыя дадатковых пешаходных дарожак у мікрараёнах, размяшчэнне лавачак у месцах адпачынку. Такія звароты накіруюць для разгляду ў мясцовыя выканаўчыя органы. А вось стратэгічныя пытанні разгледзелі на архітэктурна-горадабудаўнічым Савеце пры галоўным архітэктары горада Мінска.

Транспарт

Самую вялікую цікавасць, мяркуючы па колькасці лістоў, выклікала тэма транспартнага развіцця сталіцы. У асноўным мінчане прапаноўвалі канкрэтныя перамены. Напрыклад, прадоўжыць другую лінію метро да Шабаноў, а перспектыўную чацвёртую пракласці бліжэй да Сцяпянкі і «Паўночнага Берага». Пабудаваць у горадзе некалькі падземных транспартных тунэляў, што, па меркаванні аўтара звароту, палепшыць дарожную сітуацыю. Перагледзець месцы размяшчэння будучых станцый метрапалітэна. Узвесці пешаходны мост з Серабранкі ў Лошыцкі парк.

Спецыялісты «Мінскграда» разгледзелі кожны запыт і праінфармавалі на савеце, што ў асноўным прапанаваныя перамены немэтазгодныя.

Падземка не будзе дастаткова загружана, калі яе пракласці ў Шабаны, Сцяпянку і нават у «Паўночны Бераг».

Рэнтабельней падвозіць насельніцтва да метро наземным транспартам. Гэта ж датычыцца падземных тунэляў — тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне іх неабходнасці выклікае пытанні.

Аднак частку пажаданняў гараджан прынялі да ведама і ўхвалілі. Больш за тое, на савеце паведамілі, што ўжо плануюць перамены.

Напрыклад, каб прыбраць заторы на Партызанскім праспекце, бліжэй да выезду з горада намечана ў бліжэйшыя некалькі гадоў спраектаваць паўночнага і паўднёвага дублёраў праспекта, якія пройдуць на падаўжэнні вул. Байкальскай і Свіслацкай, з выхадам за МКАД, а таксама прыступіць да іх будаўніцтва. Плануецца стварэнне развязак над чыгункай і ракой Свіслаччу, каб забяспечыць пакуль адсутныя сувязі розных раёнаў горада па найкарацейшых шляхах.

Падтрымалі прапанову прадоўжыць у перспектыве рэйкавы транспарт у кірунку Лагойска, у першую чаргу — да Бараўлян.

Што тычыцца размяшчэння будучых станцый метро, то тут у спецыялістаў «Мінскграда» ёсць выразная транспартная мадэль горада, якая дае падказкі, дзе аптымальна размяшчаць станцыі падземкі і як лепш пракласці трасу.

Жыллё

У гэтым раздзеле таксама былі ў асноўным канкрэтныя пажаданні. Напрыклад, жыхары вул. Красная Слабада, чые дамы ідуць пад знос, прасілі паскорыць працэс, паколькі будынкі старыя, патрабуюць рэканструкцыі. На савеце адзначылі, што калі на працягу трох гадоў пасля зацвярджэння ПДП зносу не адбылося, то з дазволу раённай адміністрацыі ўласнікі могуць рэканструяваць дамы нават з павелічэннем агульнай (нежылой) плошчы. Аўтарам запытаў дадуць пісьмовыя тлумачэнні на гэты конт.

Тут спатрэбіцца поўная трансфармацыя, у сувязі з чым у генплане аднеслі тэрыторыю да жылой шматкватэрнай забудовы, але гэта не значыць, што перамены насоўваюцца заўтра. Зносіць прыватныя дамы пакуль не стануць.

Жыхароў цікавіць лёс малапавярховай (у 1—3 паверхі) забудовы. У 2005 годзе ў горадзе распрацавалі праграму рэканструкцыі такога жылля, але пакуль яе актыўна не рэалізуюць. Сёння многія мінчане просяць захаваць 2— 3‑павярховыя дамы.

— Мяркую, тэма заслугоўвае асобнай увагі, — адзначыў А. Акенцьеў. — Адказам жыхарам магла б стаць абноўленая схема рэканструкцыі падобнай забудовы, у тым ліку з захаваннем часткі дамоў, дзе гэта магчыма.

А вось пажаданне гараджан змяніць зону прамысловай забудовы ў раёне зав. С. Кавалеўскай на жылую засталося без падтрымкі.

— Ідэю аб вынасе прадпрыемстваў з гэтай зоны разглядаў Лукашэнка, — падкрэсліў Віктар Гуцько. — Лукашэнка не падтрымаў прапанову. Тэрыторыя застанецца вытворчай.

Не ўхвалілі на савеце і просьбу жыхароў вул. Брылеўскай, чый дом на 20 кватэр размяшчаецца проста каля транспартнай развязкі. Мінчане прасілі перагледзець арганізацыю руху паблізу жылля, прыбраць грузавы транспарт.

Некаторыя звароты звязаны са зносам прыватнага сектара ў Сельгаспасёлку, на вул. Брэсцкай, Севастопальскай, Гусоўскага, у раёне вул. Л. Бяды.

Па дэталёвых планах, асноўная частка сядзіб у пералічаных зонах захоўваецца, знос тычыцца ў асноўным дамоў, размешчаных уздоўж магістраляў. Улічваючы, што з моманту зацвярджэння ПДП не знайшлося інвестараў, гатовых да рэканструкцыі названых тэрыторый, жыхары просяць яшчэ раз вярнуцца да тэмы і захаваць прыватны сектар. На савеце вырашылі ў рабочым парадку прааналізаваць дэталёвыя планы згаданых тэрыторый, каб вызначыцца канчаткова.

Іншыя пытанні

Мінчане прапаноўвалі ўладкаванне паркаў на канкрэтных тэрыторыях, напрыклад на ворных землях паміж Сухарава і Малінаўкай. Жыхары Калодзішчаў-2 прасілі зрабіць зялёны калідор паміж іх забудовай і будучым жылым раёнам Зялёны Бор. Але не ўсе ініцыятывы палічылі абгрунтаванымі.

Яшчэ адна тэма зваротаў жыхароў — уключэнне ў склад горада некаторых населеных пунктаў паблізу Мінска (Копішча, Сціклева, Гатова, Бараўлян, Сеніцы). На савеце растлумачылі, што падобныя рашэнні прымаюць толькі па ўзгадненні з Лукашэнкам і пры наяўнасці эканамічных абгрунтаванняў для аб'яднання. Пакуль у гэтым няма неабходнасці. Але застаецца фактам тое, што ў малых населеных пунктах патрабуецца ствараць умовы для камфортнага жыцця насельніцтва. Сёння ж ёсць істотная розніца ў сацыяльных стандартах у сталіцы і невялікіх паселішчах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула