Эстонія склікае пасяджэнне Рады бяспекі ААН з-за расійскіх знішчальнікаў, якія парушылі яе паветраную прастору
Гэта першы выпадак, калі пасяджэння Рады бяспекі ААН запрасіла Эстонія.
Талін. Фота: Getty Images / R.Tsubin
Рада бяспекі ААН склікае 22 верасня надзвычайнае пасяджэнне — з-за парушэння Расіяй паветранай прасторы Эстоніі, якое было 19 верасня.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна.
«Адкрыта парушаючы нашу паветраную прастору, Расія падрывае прынцыпы, якія маюць важнае значэнне для бяспекі ўсіх дзяржаў-членаў ААН. Таму вельмі важна, каб падобныя дзеянні-асабліва калі яны здзяйсняюцца пастаянным членам Рады бяспекі — разглядаліся ў рамках гэтага самага органа», — сказаў ён.
Цахкна падкрэсліў, што гэта парушэнне паветранай прасторы з'яўляецца часткай больш шырокай схемы паводзін Расіі, накіраванай на праверку рашучасці Еўропы і NATO.
«Усяго за некалькі дзён да гэтага 19 расійскіх беспілотнікаў уварваліся ў паветраную прастору Польшчы, а расійскі ўдарны беспілотнік заставаўся ў паветранай прасторы Румыніі цягам гадзіны. Гэта не асобныя інцыдэнты, а частка больш шырокай схемы эскалацыі з боку Расіі, як на рэгіянальным, так і на глабальным узроўнях. Такія паводзіны патрабуюць міжнароднай рэакцыі», — адзначыў Цахкна.
19 верасня Расія парушыла паветраную прастору Эстоніі над Балтыйскім морам каля вострава Вайндла — тры расійскія знішчальнікі МіГ-31 знаходзіліся там 12 хвілін. Расія адмаўляе парушэнне і заяўляе, што маршрут знішчальнікаў пралягаў над нейтральнымі водамі Балтыйскага мора на адлегласці больш за тры кіламетры ад вострава Вайндла.