БЕЛ Ł РУС

Як пасля 40 гадоў дыктатуры пабудаваць дэмакратыю? Беларус вывучае досвед Тайваня

21.09.2025 / 10:7

Nashaniva.com

Пасля 40 гадоў дыктатуры гэтая краіна здолела пабудаваць адну з перадавых дэмакратыяў у рэгіёне. Тут у школах выкладаюць асновы правоў чалавека, каб ніколі больш не паўтарыліся палітычныя рэпрэсіі. І пры гэтым свет амаль не прызнае незалежнасць гэтай дзяржавы. Гэтая краіна — Тайвань. Беларус Андрусь Архіпенка паехаў туды вывучаць кітайскую мову. Акрамя таго, ён даследуе Тайвань як навуковец. Пра асаблівасці выспы і тое, чаму беларусы ў яе могуць павучыцца, Андрусь распавёў «Белсату».

Тайчжун. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

З Бабруйска — у Тайчжун

35‑гадовы Андрусь Архіпенка паходзіць з Бабруйска. У Беларусі ён скончыў гістарычны факультэт БДУ. Стаў вядомы, калі ў 2018 годзе распачаў збор подпісаў за ўсталяванне помніка пісьменніку Алесю Адамовічу на ягонай малой радзіме — у вёсцы Глуша пад Бабруйскам. Андрусь тады дамогся сваёй мэты — у лістападзе 2019 года помнік быў урачыста адкрыты.

У 2021 годзе бабруец быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, каб уратавацца ад пераследу і турмы. Пайшоў вучыцца па Праграме Каліноўскага ў магістратуру інстытута паліталогіі Гданьскага ўніверсітэта. 

Падчас навучання Андрусь пазнаёміўся з дзяўчынай з Тайваня, якая выкладала ў Гданьскім універсітэце кітайскую мову. Маладыя людзі пачалі сустракацца. Дзяўчына шмат распавядала пра сваю радзіму — гэта быў першы крок да зацікаўленасці Андруся Тайванем. Праз нейкі час маладыя людзі разышліся, але цікаўнасць да рэгіёна засталася. 

Пра Тайвань Андрусь таксама шмат чуў ад экспертаў на сустрэчах, якія наведваў, ад еўрапейскіх палітыкаў. Беларусу стала цікава, чаму гэтай краіне надаюць такую ўвагу, што ў ёй асаблівага.

«Два гады таму я пачаў паглыблена вывучаць Тайвань. І чым больш я чытаў пра яго, тым больш разумеў, што гэта непрызнаная ў свеце краіна мае вялізны досвед пераадолення каланіяльнага мінулага, аўтарытарнай спадчыны, пабудовы дэмакратычнай дзяржавы і ў яе можна шмат чаму павучыцца», — кажа суразмоўца «Белсата».

Андрусь напісаў пра Тайвань навуковую працу, прысвечаную «Інцыдэнту 228» і «беламу тэрору» — трагічным падзеям 28 лютага 1947 года ў Тайвані.

«Гэта былі пратэсты, якія ахапілі ўсю выспу супраць палітыкі партыі «Гаміньдан». Там былі масавыя рэпрэсіі пасля пратэстаў, якія былі задушаныя. Гэтыя падзеі замоўчваліся, табуяваліся на працягу 40 гадоў аўтарытарнага перыяду. І толькі напрыканцы 1980‑х гадоў пра іх пачалі публічна казаць, і гэта стала адным з ключавых фактараў пабудовы новай нацыянальнай ідэнтычнасці тайваньцаў», — распавядае Андрусь.

Першыя ўражанні

Былы бабруец вельмі хацеў трапіць у Тайвань, каб на свае вочы ўбачыць рэгіён, які вывучаў. Разглядаў варыянты стыпендыяльных праграмаў, аднак тут перашкодай стаў беларускі пашпарт, які ў Андруся сканчаецца ў лістападзе 2026 года. З улікам гэтага часу на пошукі і чаканне прыёму на праграму не было. Таму Андрусь сабраў усе свае сродкі, і паехаў за ўласны кошт — вывучаць кітайскую мову, а заадно — і Тайвань.

«Я хацеў зразумець, чым тайванцы ўнікальныя, як яны змаглі пабудаваць адну з самых паспяховых эканомік і дэмакратыяў у Азіі, улічваючы, што яны — часткова прызнаная дзяржава», — кажа суразмоўца.

Тайбэй. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

Андрусь прыляцеў у Тайвань пры канцы жніўня, і цяпер вучыцца ва ўніверсітэце ў горадзе Тайчжун у цэнтральнай частцы выспы. Кажа, што ў групе ён адзіны студэнт з Усходняй Еўропы. Акрамя азіятаў, там ёсць француз, амерыканец, выхадцы з Лацінскай Амерыкі.

Першае, што ўразіла Андруся на азіяцкім востраве — што тайванцы вельмі прыязныя і спагадныя, заўсёды гатовыя дапамагчы.

«Калі я прыляцеў у Тайбэй і думаў, куды пайсці, да мяне падышоў тайванец і запытаўся, чым можа мне дапамагчы ці штосьці падказаць?» — распавядае беларус.

Далей Андрусь сустрэўся ў Тайбэі са знаёмымі, якія накармілі яго хатняй ежай, паказалі горад.

Пасля прыезду ў Тайчжун, Андрусь сутыкнуўся з тым, што не мог зняць грошы са сваёй банкаўскай карткі. Гэта стварала праблемы, бо ў Тайвані пераважна можна разлічвацца ці карткамі мясцовых банкаў, ці гатоўкай. Менавіта гатоўкай трэба было заплаціць за кватэру. Але гаспадар жытла пайшоў насустрач беларусу і сказаў, што той можа спакойна жыць, пакуль не вырашыць свае праблемы. Акрамя таго, пазычыў крыху наяўных грошай на прадукты.

Што з мовамі?

Мясцовую ежу Андрусь апісвае як падобную да кітайскай, але менш вострую. Мужчына кажа, што сапраўдная знаходка — начныя рынкі, дзе можна танна купіць шмат смачнага:

«У многіх тайванцаў няма пліты ўдома. Бо навошта гатаваць, калі на рынку можна купіць гатовую страву за 10 рублёў у эквіваленце?».

Цяпер у Тайчжуне вельмі спякотна — праз вільготнасць адчуваецца як +41°С. Праз высокія тэмпературы паветра ў горадзе распаўсюджаная паслуга шэрынгу парасонаў — іх бяруць, каб абараніцца ад сонца. Людзі пад парасонамі ў бязвоблачнае надвор’е — звычайная з’ява ў Тайчжуне, кажа Андрусь. А ў кватэрах немагчыма жыць без кандыцыянераў.

Андрусь Архіпенка ў Тайбэі. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

З мясцовымі жыхарамі беларус размаўляе па-ангельску. Аднак, напрыклад, гародніну ён купляе на рынку, дзе гандлююць фермеры, якія ангельскай мовы не ведаюць. Тым не менш, ніякай праблемы ў тым, каб знайсці супольную мову, з імі не ўзнікае — у выпадку неабходнасці яны самі праз тэлефон перакладаюць, каб купец зразумеў. Агулам, цэнтральны рэгіён Тайваня — не самы англамоўны, але Андрусь адмыслова абраў такі, каб больш знаходзіцца ў натуральным моўным асяроддзі і хутчэй вывучыць кітайскую.

У тайванцаў ёсць свае рэгіянальныя мовы — хокла, хака і больш за 15 дыялектаў. Андрусь збіраецца наведаць рэгіёны, дзе распаўсюджаныя мясцовыя мовы, зусім непадобныя да кітайскай.

Тайванцы — не кітайцы і Тайвань — не Кітай

Беларус падкрэслівае, што тайванцы, нягледзячы на тое, што размаўляюць па-кітайску, — не кітайцы, і Тайвань — не частка Кітая. За апошнія 70 гадоў у Тайвані выраслі пакаленні, якія абсалютна не лічаць сябе часткай Кітая, кажа Андрусь. Шмат у каго ўжо і сваякоў няма ў мацерыковым Кітаі.

«Паводле апошніх апытанняў каля 70% жыхароў Тайваню лічаць сябе тайванцамі, а не кітайцамі. Маю былую дзяўчыну з Тайваня неяк у Гданьску спыніла паліцыя і назвалі яе кітаянкай, што яе вельмі пакрыўдзіла. Таму што яна не лічыць сябе кітаянкай. І ў яе ёсць пашпарт, на якім напісана: Taiwan. Republic of China», — распавядае даследчык Тайваню.

Тайвань, паводле мясцовага пункту гледжання, мае незалежнасць, кажа Андрусь:

«У мацерыковым Кітаі пасля Другой сусветнай вайны распачалася грамадзянская вайна, і ўрад Кітайскай рэспублікі перамясціўся на выспу Тайвань. Кітайская Народная Рэспубліка ўтварылася ў мацерыковым Кітаі. Яна ніколі не валодала Тайванем. Таму як у такой сітуацыі Тайвань можа быць часткай Кітая?»

Тайвань, аднак, — часткова прызнаная дзяржава. Яе незалежнасць на сёння прызнаюць 12 краінаў: Бэліз, Гватэмала, Гаіці, Маршалавы Астравы, Палау, Парагвай, Сэнт-Кітс і Нэвіс, Сент-Люсія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Эсваціні, Тувалу, Ватыкан. Еўразвяз і ЗША незалежнасці Тайваня не прызнаюць. На думку Андруся Архіпенкі — бо баяцца сапсаваць адносіны з Кітаем.

«Калі ў 2021 годзе ў Літве адкрылі прадстаўніцтва Тайваня (у іншых краінах, напрыклад, у Польшчы, гэта прадстаўніцтвы Тайбэя), з Кітаем адбыўся дыпламатычны канфлікт. Тады Кітай нават перастаў прапускаць у краіну літоўскія тавары. У выніку караблі, якія не змаглі стаць у парты Кітая, прыняў Тайвань», — кажа Андрусь.

Асновы правоў чалавека — у школах

У той жа час, нягледзячы на адсутнасць прызнання, Тайвань мае бязвіз з Еўразвязам — жыхары непрызнанай дзяржавы спакойна наведваюць еўрапейскія краіны. То бок, фактычна незалежнасць прызнаецца, але дэ-юрэ — не, зазначае Андрусь.

У Тайвані пабудаваныя адна з мацнейшых дэмакратыяў у Азіі, падкрэслівае беларус. У краіне развітыя медыі, мясцовае самакіраванне, актыўная грамадзянская супольнасць. Дзве галоўныя партыі Тайваню — Гаміньдан і Дэмакратычная прагрэсіўная партыя. Людзі тут могуць пратэставаць, калі з нечым нязгодныя, кажа Андрусь, і прыгадвае, як сустрэў у Тайбэі каля будынку аднаго з міністэрстваў намётавы лагер.

Адна са спрэчных тэмаў, вакол якой у Тайвані цяпер вядзецца дыскусія — асоба Чан Кайшы, які кіраваў партыяй «Гаміньдан» і быў прэзідэнтам краіны да 1975 года. Дэмакратычная прагрэсіўная партыя Тайваня настойвае, што ён нясе адказнасць за злачынствы партыі, і таму трэба прыбраць апошні помнік яму. У той жа час «Гаміньдан» кажа, што ўся віна ў задушэнні пратэстаў — на мясцовым кіраўніцтве партыі, а Чан Кайшы ні ў чым не вінаваты.

Са словаў Андруся, у школах Тайваня выкладаюць асновы правоў чалавека, гісторыю палітычных рэпрэсіяў, каб новае пакаленне разумела і не дапусціла паўтарэння аўтарытарнага рэжыму.

Праз пазіцыю Кітая, аднак, інтарэсы Тайваня не прадстаўленыя ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у ААН. Хоць шэраг краінаў, якія падтрымліваюць Тайвань, выступаюць за тое, каб голас Тайваня таксама быў пачуты на гэтых пляцоўках, Кітай усё гэта блакуе.

Тайвань першай у Азіі легалізавала аднаполыя шлюбы ў 2019 годзе.

«Нашыя дэмакратычныя сілы ўвесь час глядзяць на захад»

Андрусь перакананы — беларусам ёсць шмат чаму павучыцца ў Тайваня — як у тым, як перамагчы дыктатуру, так і ў далейшым яе пераасэнсаванні.

«Нашыя дэмакратычныя сілы ўвесь час глядзяць на заходнія краіны — Еўразвяз, ЗША. У той час як у Тайваня такі ўнікальны досвед і гісторыя, шмат у чым падобная да нашай», — кажа даследчык.

Калі на Тайвані цягам 40 гадоў панаваў аўтарытарны рэжым, у іх вялізную ролю грала дыяспара, якая распавядала пра тое, што адбывалася ў рэгіёне, і не ў апошнюю чаргу спрычынілася да зменаў, кажа Андрусь.

Вядома, шмат у чым на падзенне рэжыму паўплывала вонкавая сітуацыя. Да сярэдзіны 1970‑х гадоў Кітайская Рэспубліка Тайвань была афіцыйна прызнаная, уваходзіла ў Раду бяспекі ААН, але ўжо бліжэй да 1980‑х гадоў месца Тайваня ў ААН заняла Кітайская Народная Рэспубліка. Пазіцыі Тайваня пачалі губляцца. Не спрыяў дыпламатычным адносінам з іншымі краінамі і аўтарытарны рэжым. Унутры краіны пачаліся пратэсты. Грамадства моцна ўскалыхнулі забойствы ўладамі палітычных апанентаў.

«Урад не меў іншых варыянтаў, як распачаць крокі да лібералізацыі», — кажа Андрусь.

Начны рынак у Тайчжуне. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

На тое, як адбывалася трансфармацыя з аўтарытарнага рэжыму ў дэмакратычнае, як тайванцы пераасэнсоўваюць сваё мінулае, прасоўваюць правы чалавека і будуюць інклюзіўнае грамадства беларусам варта паглядзець больш уважліва, мяркуе гісторык і палітолаг:

«Яны будуюць грамадства на памяці, каб рэпрэсіі больш не паўтарыліся. Мы можам паглядзець на тое, як у іх выбудаваная палітыка рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Працуе цэлая камісія. Таксама цікава паглядзець, як Тайвань праводзіць сваю вонкавую палітыку, не маючы афіцыйнага прызнання як дзяржавы. Вельмі каштоўным для беларусаў можа быць досвед Тайваню ў кейсе пашпарта, які дзейнічае як сапраўдны дакумент, хоць краіна не прызнаная».

Паводле Андруся, Тайвань вельмі пісьменна выбудаваў сваю нацыянальную бяспеку, заснаваўшы яе не на арміі, а на высокіх тэхналогіях. У Тайвані вырабляецца большасць паўправаднікоў у свеце, і яны сталі элементам нацыянальнай бяспекі Тайваня, бо калі адбудзецца ўварванне ці блакада Тайваня, сусветная эканоміка ўпадзе на 6% пры блакадзе, пры ўзброеным уварванні ў Тайвань — да 10%, тлумачыць Андрусь.

«Увесь свет залежыць ад вытворчасці паўправаднікоў у Тайвані. Такім чынам, свету не ўсё роўна, што будзе з Тайванем», — падкрэслівае даследчык.

Пры гэтым Кітай рэгулярна праводзіць вайсковыя вучэнні вакол вострава, робіць заявы, што гатовы далучыць Тайвань нават сілай. Многія аналітыкі кажуць, што ўварванне Кітая можа адбыцца прыкладна ў 2027 годзе, калі Кітай скончыць пераўзбраенне сваёй арміі, зазначае Андрусь. Грамадства ўспрымае гэтую пагрозу сур’ёзна і ўвесь час рыхтуецца да абароны.

Андрусь плануе даследаваць, як на фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці тайванцаў, акрамя аўтарытарнага перыяду, уплывала каланіяльная палітыка Японіі. І тут беларус зноў знаходзіць аналогіі з радзімай.

«Мы былі ў складзе Расейскай Імперыі, акрамя таго, частка Беларусі была пад уплывам Польшчы, якая таксама праводзіла не асабліва прыязную палітыку ў дачыненні беларусаў у міжваенны перыяд. Як і Тайвань, які быў часткай Японіі, потым стаў часткай Кітайскай Рэспублікі. Там праводзілася палітыка кітаізацыі, ушчамлялася выкарыстанне мясцовых моваў. Тое самае адбывалася ў Беларусі».

У будучыні Андрусь хацеў бы выдаць кнігу, а пакуль збіраецца публікаваць свае артыкулы на Patreon і запрашае ўсіх ахвочых падпісацца

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула