«Золатава ў калоніі ў аўтарытэце, яна выдатная швачка»
Журналістка і былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова ў новым выпуску ТОКу расказала, як адбываюць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі ключавыя фігуранткі справы Tut.by — галоўная рэдактарка Марына Золатава і дырэктарка Людміла Чэкіна.
Марына Золатава: прафесіянал у любой справе
Ларыса Шчыракова адзначае, што Марына Золатава, асуджаная на 12 гадоў, хутка заваявала павагу, прычым у нечаканай для многіх сферы.
«Золатава чаму ў аўтарытэце? Яна, напрыклад, выдатная швачка. Яна шые вельмі якасна. Праўда, яна не вельмі хутка шые, таму што яшчэ вельмі важная хуткасць, з якой ты робіш працэсы. (…) Яе вельмі паважаюць як прафесіянала швейнай справы», — распавядае Шчыракова.
Павага да Золатавай трымаецца і на яе чалавечых якасцях.
«Людзі бачаць, што гэта адукаваны, што гэта разумны чалавек, што гэта добры швейны спецыяліст, што гэта проста чалавек, якога паважаюць не таму, што ёй 12 гадоў далі. Натуральна, што не з-за тэрміну. Там проста ёсць падставы яе паважаць, таму што яна сябе так паводзіць. Таму што гэта прыстойны, адукаваны, выхаваны, цудоўны чалавек», — падкрэслівае Шчыракова.
Марына Золатава. Фота: «Наша Ніва»
Людміла Чэкіна: крыніца аптымізму
Не менш цёпла Ларыса Шчыракова адгукаецца і пра былую гендырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну.
«Божа, Людачка, Міла! Гэта ж такі чалавек!» — з захапленнем кажа Шчыракова.
Першае, што адзначае Ларыса, — гэта знешнія змены. Паводле Шчыраковай, Чэкіна значна схуднела, але была задаволеная сваёй новай фізічнай формай.
«Зараз яна ў добрай фізічнай форме, яна добра выглядае. То-бок яна касметыкай не карыстаецца, але ўсё роўна яна вельмі сімпатычная. І яна ўвесь час пасміхаецца».
Людміла Чэкіна. Фота: «Наша Ніва»
Паводле Шчыраковай, зняволеныя вельмі любяць Чэкіну за яе адкрытасць, дабрыню і эмпатыю.
Шчыракова характарызуе Людмілу Чэкіну як «неймаверна эрудыраваную»:
«З ёй вельмі цікава размаўляць. Яна таксама схільная да ўсякіх рэфлексій (псіхалогія, філасофія), да аналізу ўсяго, што адбываецца, у тым ліку і аналізу чалавечых паводзін».
Як расказвае Шчыракова, Людміла Чэкіна была адной з найлепшых мадэратарак падчас нядзельных абмеркаванняў фільмаў у клубе, якія зняволеныя праглядалі ў калоніі. Дзякуючы ёй і іншым палітзняволеным, гэтыя сустрэчы ператвараліся ў глыбокія інтэлектуальныя дыскусіі.
У той жа час, як заўважае Ларыса, у дыскусіі імкнулася не ўдзельнічаць Марына Золатава. І гэта была яе пазіцыя:
«У яе такі прынцып: «Я не хачу актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх гэтых мерапрыемствах. Я не хачу перад імі выступаць. Я не хачу прамаўляць. Ларыса, я не хачу. Гэта іх мерапрыемствы».
Чытайце таксама:
Былы галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава ўзнагароджана прэміяй у Германіі
Сёння 50‑гадовы юбілей у Людмілы Чэкінай — асуджанай на 12 гадоў гендырэктаркі Tut.by
Ларыса Шчыракова: Каб мяне пасадзіць, ГУБАЗіК замовіў у мяне этнафотасесію