БЕЛ Ł РУС

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным

20.09.2025 / 10:42

Nashaniva.com

Увечары ў пятніцу стала вядома адразу пра два інцыдэнты з удзелам топ-менеджараў расійскіх дзяржаўназвязаных кампаній. Гендырэктар кампаніі Zeppelin Андрэй Краткоў трапіў у рэанімацыю пасля ранення, а гендырэктар кампаніі UMATEX Аляксандр Цюнін быў знойдзены мёртвым, піша «Агентство».

Андрэй Краткоў

Абодва менеджары былі звязаныя з важнымі праектамі — Цюнін працаваў у кампаніі, якая пастаўляла кампазітныя матэрыялы для лайнера МС-21, а Краткоў займаўся праектам Нацыянальнага касмічнага цэнтра, які тыдзень таму адкрыў Уладзімір Пуцін.

Краткоў атрымаў раненне грудной клеткі падчас спробы застрэліцца ў спартыўным клубе «Масква» пад горадам Адзінцова. Дачка бізнэсмена заявіла выданню MSK1, што здарэнне — няшчасны выпадак падчас прыстрэльвання зброі. Па яе словах, Краткоў у рэанімацыі, і яго жыццю нічога не пагражае.

54‑гадовы Андрэй Краткоў, паводле афіцыйнай біяграфіі, амаль 20 гадоў прапрацаваў у органах бяспекі Расіі. Там ён даслужыўся да падпалкоўніка ФСБ. З 2006 года займаецца бізнэсам у сферы кіравання нерухомасцю, з 2013 года ўзначальваў розныя структуры холдынгу Zeppelin.

Сярод кліентаў Zeppelin на сайце кампаніі згадваюцца «Транснафта», «Адзіная карпарацыя рухавікабудавання» (уваходзіць у «Растэх»), «ВЭБ.РФ», група кампаній «ЕКС» (звязана з ГРУ), НТВ. Фірма таксама заключала дзяржкантракты на абслугоўванне бізнес-парка «К2» Міністэрства абароны і офісна-дзелавога цэнтра «ВР-Ресурс» (уваходзіць у «Верталёты Расіі»).

У карпаратыўным выданні Zeppelin у ліпені 2025 года Краткоў назваў першае паўгоддзе «надзвычай складаным» з-за «беспрэцэдэнтнай» запазычанасці, якую перад кампаніяй назапасілі заказчыкі. У тым жа тэксце менеджар адзначыў, што ў кампаніі з’явіліся новыя аб’екты, у тым ліку «ўнікальны» МФК «Нацыянальнага касмічнага цэнтра» «Раскосмаса».

Нацыянальны касмічны цэнтр «Раскосмаса» — гэта комплекс будынкаў з 47‑павярховай вежай. Чакалася, што аб’ект будзе здадзены ў 2022 годзе, аднак у выніку Пуцін адкрыў яго толькі тыдзень таму. Сюды павінны пераехаць 22 з 30 маскоўскіх канструктарскіх бюро і прадпрыемстваў касмічнай галіны — усяго каля 20 тысяч чалавек.

Цела гендырэктара кампаніі UMATEX Аляксандра Цюніна знайшлі каля яго аўтамабіля на прасёлкавай дарозе ў раёне пасёлка Какошкіна (Новая Масква). Мяркуецца, што ён скончыў жыццё самагубствам.

Побач з целам знайшлі паляўнічую стрэльбу і перадсмяротную запіску, дзе, паводле звестак агенцтва, паведамлялася, што ён стаміўся змагацца з дэпрэсіяй.

50‑гадовы Аляксандр Цюнін стаў гендырэктарам кампазітнага дывізіёна «Расатама» і навукова-вытворчага комплексу «Хімпрамінжынірынг» (пазней — UMATEX) у 2016 годзе. Да гэтага кіраваў тэлекамунікацыйнымі кампаніямі.

Кампазітны дывізіён «Расатама» — вядучае прадпрыемства Расіі па вытворчасці вугляроднага валакна, што выкарыстоўваецца ў авіябудаванні, будаўніцтве, караблебудаванні і энергетыцы. UMATEX займаўся імпартазамяшчэннем кампазітных матэрыялаў для расійскага сярэднемагістральнага авіялайнера МС-21.

Улетку 2021 года паведамлялася, што найноўшы расійскі самалёт на 30% з кампазітаў, вырабленых у тым ліку UMATEX. Мяркуючы па публікацыях у СМІ, расійскія кампазіты аказаліся горшымі за замежныя, з-за чаго маса самалёта вырасла на 6 тон, а далёкасць палёту скарацілася ўдвая.

МС-21 мае важнае значэнне для імпартазамяшчэння ў грамадзянскай авіяцыі. Гэта адзіны расійскі самалёт, які «Аэрафлот» плануе закупляць у значных колькасцях. Але яго масавая вытворчасць пастаянна адкладаецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула