Келаг прагназуе Украіне балтыйскі сцэнарый
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не гандлюе ўкраінскімі тэрыторыямі, а пытанне адносна тэрытарыяльных саступак могуць вырашаць толькі ўкраінскія ўлады. Але Украіна будзе вымушаная прызнаць дэ-факта акупацыю тэрыторый. Пра гэта ў інтэрв'ю The Telegraph заявіў спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг, піша «Суспільне».
Кіт Келаг. Фота: Vitalii Nosach/Global Images Ukraine via Getty Images
На пытанне, ці прыйдзецца Украіне адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі дзеля міру, генерал падкрэсліў, што любыя такія рашэнні прымае выключна Украіна.
«Трамп не гандлюе ўкраінскай зямлёй. Гэта мандат Зяленскага. Нічыё больш рашэнне. Але давайце будзем рэалістамі: Данецк акупаваны на 65 працэнтаў. Луганск — на 98 працэнтаў. Вы павінны прыняць рэальнасць. Дэ-факта не азначае дэ-юрэ», — сказаў генерал.
Кіт Келаг успомніў гісторыю краін Балтыі, акупацыю якіх Савецкім Саюзам ЗША не прызнавалі.
«Мы ніколі не прызнавалі савецкага кантролю над Балтыкай, хоць дэ-факта яны былі часткай СССР. Гэта было зроблена ў адпаведнасці з дактрынай Уэлса. Тое ж самае і тут», — сказаў ён.
Келаг спаслаўся на дэкларацыю Уэлса 1940 года — дыпламатычную заяву тагачаснага дзяржаўнага сакратара ЗША Самнера Уэлса, у якой той адмаўляўся прызнаваць гвалтоўную анексію Савецкім Саюзам Эстоніі, Літвы і Латвіі, падтрымліваючы прынцып непрызнання тэрытарыяльных зменаў сілай. Гэтая палітыка абараняла эканамічныя актывы балтыйскіх дзяржаў і была накіраваная на садзейнічанне іх вяртанню да незалежнасці пасля заканчэння акупацыі.
Генерал Келаг заклікаў Украіну глядзець у будучыню:
«Часам кароткатэрміновая рэальнасць не адпавядае вашай мэце. Магчыма, вам давядзецца прызнаць акупаваную тэрыторыю цяпер, але ў доўгатэрміновай перспектыве яе можна вярнуць. Гуляйце ў доўгатэрміновую гульню».
Ён таксама заявіў, што Пуцін імкнецца акупаваць Данбас, а таксама Херсонскую і Запарожскую вобласці.
«Пуцін дакладна будзе імкнуцца захапіць усю Данецкую і Луганскую тэрыторыі. Наступнымі могуць быць паўднёвыя вобласці — Херсонская і Запарожская. Але з таго, што мы бачылі да гэтага часу, іх можна ўзяць толькі дзюйм за дзюймам, і страты будуць велізарнымі», — сказаў Кіт Келаг.
Каментуючы заявы Трампа, які даваў Пуціну прынамсі чатыры двухтыднёвыя тэрміны для дасягнення міру, інакш абяцаў наступствы, а потым мала што зрабіў ці нічога не зрабіў для іх пацвярджэння, Келаг патлумачыў сітуацыю намерам прэзідэнта ЗША «даць дыпламатыі ўсе шанцы».
«Трамп спрабуе даць дыпламатыі ўсе шанцы. Ён сказаў, што можа спыніць вайну за 24 гадзіны… Ён хутка зразумеў, што гэта складаней, чым чакалася — асобы маюць значэнне. Украінцы гатовыя да пагаднення, але Пуцін — не. Яго [Пуціна] уводзяць у зман. Ён, на жаль, думае, што выйграе гэтую вайну, але гэта не так. Так што Трамп проста дае яму свабоду дзеянняў і час сесці за стол перамоў, але мы ўсё яшчэ трымаем карты ў руках», — сказаў ён.
Генерал лічыць сябе аптымістам і верыць, што мірнае пагадненне можа быць дасягнута і будзе дасягнута. Аднак, у адрозненне ад Дональда Трампа, ён палічыў бы за лепшае бачыць спыненне агню перад грунтоўнымі мірнымі перамовамі. Ён выразна патлумачыў паслядоўнасць дзеянняў:
«Без спынення агню вельмі цяжка дасягнуць міру. Пуцін лічыць, што перамагае, таму пакуль не згаджаецца на мір. Трамп першапачаткова аддае перавагу мірным перамовам. Я ж аддаю перавагу спачатку спыненню агню, таму што як толькі ён спыняецца, яго цяжка аднавіць».
Чытайце таксама:
Келаг пераказаў размову з Трампам аб шанцах Расіі на перамогу над Украінай
Келаг: 19 дронаў у Польшчы не могуць быць выпадковасцю, Пуцін ссоўвае межы дазволенага
Келаг пра атаку на Кіеў: Гэта не сігнал, што Расія хоча дыпламатычным шляхам скончыць вайну