У Брэсце абураюцца, што цэнтр горада ў гадзіны пік быў паралізаваны хрэсным ходам
У Брэсце 18 верасня праходзіў Хрэсны ход у гонар праваслаўнага святога Афанасія Брэсцкага. Анонс пра мерапрыемства з’явіўся за два дні да падзеі ў тэлеграм-канале «Любімы Брэст», дзе паведамлялася, што з 7:30 да 9:30 будуць перакрытыя галоўныя вуліцы і праспекты горада, піша BG.Media.
Фота: Брэсцкі гарвыканкам
Многія гараджане не паспелі ўбачыць гэта паведамленне, таму раніцай сотні людзей сутыкнуліся з вялікімі заторамі: аўтобусы стаялі, машыны буксавалі ў корках, многія спазніліся на працу.
Маршрут хрэснага ходу праходзіў ад Сімяонаўскага кафедральнага сабора да Афанасіеўскага мужчынскага манастыра, і пакуль яго ўдзельнікі ішлі з абразамі, цэнтр горада літаральна замёр.
У сацыяльных сетках гараджане актыўна дзяліліся сваім абурэннем. Людзі адзначалі, што мерапрыемства праводзіцца ў гадзіны пік, калі ўсе едуць на працу, у школы і садкі, і называлі арганізацыю хаатычнай і нязручнай.
Былі і тыя, хто абараняў хрэсны ход, нагадваючы, што гэта дзень памяці святога Афанасія, а ўдзельнікі ідуць на набажэнства, а не на забаўляльную прагулку. Некаторыя заклікалі не крытыкаваць вернікаў і ўспрымаць ход як важны духоўны момант.
Але вопыт мінулых гадоў сведчыць, што правядзенне падобных шэсцяў у працоўны час заўсёды прыводзіць да транспартных калапсаў. У 2024 годзе сітуацыя была падобнай: цэнтральныя вуліцы перакрывалі, а тысячы людзей спазніліся на працу і вучобу.
Чытайце таксама:
Па краіне прайшоў Усебеларускі хрэсны ход
У Свята-Елісавецінскім манастыры зноў правялі Z-хрэсны ход з расійскімі сцягамі
На мінскіх вуліцах сёння бачылі вялікую працэсію. Каму яе дазволілі?