У гамельчука жыў кракадзіл, а цяпер ён мае расліну, якой больш няма ў дзікай прыродзе
«Моцныя навіны» пагутарылі з незвычайным калекцыянерам экзотыкі Сяргеем — апантаным чалавекам, які стварае ў сябе дома асобны маленькі свет. Гамяльчук з самага дзяцінства цягнуў у дом розных жывых істот і чытаў шмат кніг па энтамалогіі — навуцы пра насякомых.
«Колькі сябе памятаю, з ранняга дзяцінства, я абажаю ўсё жывое — прыроду, расліны, жывёл, насякомых. І, адпаведна, усё жыццё гэта маё захапленне», — тлумачыць Сяргей.
Пры гэтым цікава, што адукацыю мужчына атрымаў зусім не звязаную з жывёламі ці раслінамі. Сяргей скончыў эканамічны факультэт, а спецыяльнасць — бізнэс і персанал. Ён прызнаецца, што цікавіўся і IT, але ў выніку вырашыў, што сядзець за камп’ютарам — гэта не ягонае.
Ад скарпіёнаў да кракадзіла
Агулам Сяргей мае 15 гадоў досведу працы з экзатычнымі жывёламі. Некалькі гадоў таму ў яго была агромністая калекцыя самых розных рэптылій і насякомых. Але пасля здарыўся кавід, праз які мужчына ледзь не памёр. Потым адбыўся пераезд і большую частку калекцыі жывёл прыйшлося распрадаць. Але яе маштабы на піку сапраўды ўражваюць:
- 20 відаў трапічных тараканаў;
- 5 відаў грызуноў (напрыклад, палятуха звычайная, цукровы посум);
- 3 віды змей (тыгравы пітон-альбінос, маісавы полаз і ўдаў);
- некалькі відаў палачнікаў;
- некалькі відаў конікаў;
- драпежныя трапічныя клапы;
- 8 відаў скарпіёнаў;
- вожык;
- багамолы;
- 3 віды гіганцкіх афрыканскіх смаўжоў — ахацінаў;
- хамелеоны;
- жабкі;
- 4 віды яшчарак;
- а нейкі час жыў нават кракадзіл.
«З маёй дапамогай людзі маглі купляць розную жыўнасць, і калі праз мае рукі праходзіў кракадзіл, ён нейкі час у мяне жыў», — дзеліцца суразмоўца.
Асобна Сяргей расказаў, што трымаў асабліва небяспечных атрутных драпежных клапоў. Гэтыя насякомыя дасягалі памераў у два карабкі запалак і мелі крыльцы. Каб іх гадаваць, Сяргею прыйшлося купіць спецыяльны доўгі пінцэт, бо гэтыя клапы маглі атакаваць кіслатой на адлегласць у 15 сантыметраў. Калі яна трапіць у вока, то можна застацца без зроку. Яшчэ яны маглі кусацца, і па некаторай інфармацыі месца ўкусу можа да года не зажываць, балець і крывавіць. Здаецца, гэта нават страшней за кракадзіла.
Наколькі складана даглядаць вялікую калекцыю экзотаў?
Сяргей прызнаецца, што з самага пачатку імкнуўся зрабіць сваю сістэму па доглядзе за жывёламі максімальна самадастатковай. Ён не хацеў залежыць ад пастаўшчыкоў, таму нават кармавых насякомых вырошчваў сам — так было і танней, і надзейней.
У нейкі момант усё настолькі наладзілася, што экзоты пачалі «карміць» не толькі сябе, але і свайго гаспадара: грошы ад продажу ішлі на новыя інсектарыумы і лепшыя ўмовы.
«Я люблю, калі ўсё працуе без знешняй дапамогі, — расказвае мужчына. — Гэта такое замкнёнае кола: яны кормяць адзін аднаго, а ўрэшце і мяне таксама».
Пры гэтым, па яго словах, часу гэта патрабуе менш, чым здаецца. Калі калекцыя толькі фармавалася, на догляд ішло да 5 гадзін у дзень, але цяпер не больш за 2. А вось калі пачынаюцца генеральныя прыбіранні, то бывае і ўсе 6 гадзін ідуць.
«Калі ўсё адладжана, гэта не так цяжка, — тлумачыць гамяльчук. — Вада, ежа, чысціня — і далей яны жывуць сваім жыццём».
Можа падацца дзіўным, але найбольш рэсурсу патрабуюць не насякомыя, а рэптыліі. Напрыклад, звычайная чырванавухая чарапаха, якую лёгка набыць і якая каштуе нядорага, у доглядзе аказалася складанейшай за павукоў: ёй патрэбныя дарагія вітаміны, кальцый, спецыяльныя лямпы і цэлы абсталяваны тэрарыум.
Тое ж самае і з раслінамі — каб яны раслі і расцвіталі, даводзіцца бесперапынна эксперыментаваць з грунтам, асвятленнем і вільготнасцю, бо гатовыя сумесі з крам часта аказваюцца проста рэкламай.
«Раней думалася: у бабулі ж усё расло на падваконніку. А цяпер разумею, што і з раслінамі, і з жывёлай усё — суцэльныя эксперыменты», — дзеліцца Сяргей.
Euphorbia geroldii: кветка з мінулага
Сёння ў Сяргея засталіся толькі чатыры-пяць павукоў-птушкаедаў, трапічныя мнаганожкі-кіўсякі і некалькі відаў тараканаў выключна як кармавыя.
Акрамя экзатычных жывёл мужчына таксама пачаў вырошчваць і расліны.
«Праз тое, што пэўныя экзатычныя насякомыя патрабуюць ва ўмовах нашых кватэр корм у выглядзе пэўных раслін, я пачаў вырошчваць пакаёвыя расліны. З часам гэта перарасло ў вялікую калекцыю хатніх кветак. А як я пераехаў з кватэры ў дом, паступова з’явілася яшчэ і калекцыя вулічных раслін. Таму цяпер у мяне і хатнія расліны, і вулічныя, і экзатычныя жывёлы», — расказвае гамяльчук.
Відаў раслін, як сцвярджае Сяргей, у яго было ажно 380. Але адна кветка — асаблівая. Яна называецца Euphorbia geroldii — эндэмік паўночнага ўсходу Мадагаскара. Па даных 2015 года, плошча распаўсюджання гэтай расліны была меншая за 1 квадратны кіламетр.
Па словах Сяргея, на сёння гэты від ужо цалкам знік у дзікай прыродзе і захоўваецца выключна ў калекцыях такіх аматараў, як суразмоўца.
«Яе было вельмі складана атрымаць. Я спрабаваў дастаць яе з розных краін — з Іспаніі, з Вялікабрытаніі, з Даніі. Але толькі з чацвёртай спробы з Вялікабрытаніі яна дайшла да мяне.
У Гомелі праводзяцца розныя выставы і абмены раслінамі. Шмат хто хацеў са мной пабачыцца, каб паглядзець ужывую на гэтую расліну. Яна хоць і ніяк не адметная звонку, але ўбачыць тое, што вымерла ў жывой прыродзе — гэта нейкія невымоўныя пачуцці. Тое ж самае, што і глядзець на парэшткі дыназаўраў», — дзеліцца мужчына.
Шукае не толькі кветкі
Сяргей прызнаецца, што не спыняецца на дасягнутым і марыць пра сапраўдную аранжарэю — вялікую, утульную, дзе можна будзе сабраць яшчэ больш рэдкіх раслін і жывёл і стварыць для іх ідэальныя ўмовы. І пры гэтым усміхаецца: пакуль што робіць усё адзін, але не хавае, што хацеў бы сустрэць чалавека, з якім можна было б стварыць сям’ю, дзяліць і побыт, і гэтую справу.
«Калі любіш, яны адказваюць табе тым жа — квітнеюць, растуць, дораць неверагодныя водары, — кажа Сяргей. — Усё звязана: і дабрыню, і чалавечнасць усе жывыя адчуваюць. Асабліва любоў. Любіць — гэта важна. Найважнейшае ў жыцці».
Чытайце таксама:
Кракадзіл, якога нядаўна прадалі з аўкцыёну, застанецца жыць у Мінскім заапарку
Жыхары шматпавярховіка ў цэнтры Мінска страцілі сон праз спеў паўлінаў
Гамяльчанка купіла ялінку з жывым «падарункам». Цяпер не ведае, чым карміць