«Інтэрбачанне»: як пройдзе расійская альтэрнатыва «Еўрабачанню»
У суботу ў Маскве адбудзецца музычны конкурс На «Інтэрбачанні» выступяць выканаўцы з 23 краін, уключаючы ЗША і Беларусь. Што вядома пра конкурс і хто будзе ўдзельнічаць, піша Бі-бі-сі.
Беларусь адхілілі ад «Еўрабачання» ў 2021 годзе, Расію неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Праз тры гады, у лютым 2025 года, прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб правядзенні «Інтэрбачання».
Палітычны аспект
У «Еўрабачання», ад удзелу ў якім адхілілі Расію, адны з самых высокіх рэйтынгаў на тэлебачанні сярод неспартыўных мерапрыемстваў. Конкурс праходзіць пад дэвізам «Музыка яднае» (United by music), хоць палітычныя скандалы і галасаванне блокамі яму не чужыя. Мерапрыемства арганізуе Еўрапейскі вяшчальны саюз, і шмат у чым яно трымаецца на «вялікай пяцёрцы»: Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Іспаніі і Італіі.
«Інтэрбачанне», у сваю чаргу, — гэта цалкам і поўнасцю праект расійскіх улад: назіральную раду ўзначальвае першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Кірыенка, на чале арганізацыйнай рады — намеснік старшыні ўрада Дзмітрый Чарнышэнка, а міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў даў цэлую прэс-канферэнцыю, прысвечаную музычнаму конкурсу.
«Мы не гонімся за нейкім палітычным эфектам», — казаў Лаўроў пра конкурс.
Крытыкі тым часам называюць «Інтэрбачанне» вяртаннем «да саўка» і часоў халоднай вайны.
Перадгісторыя
Сам Лаўроў казаў, што «мы адраджаем савецкае «Інтэрбачанне»».
Конкурс пад такой назвай ужо існаваў з 1965‑га па 1968‑ы і з 1977‑га па 1980‑ы гады. Яго арганізоўвала Міжнародная арганізацыя радыёвяшчання і тэлебачання (яе штаб-кватэра ў 1950—1993 гадах знаходзілася ў Празе), а ўдзельнічалі ў «Інтэрбачанні» пераважна краіны сацыялістычнага блоку.
На сайце новага «Інтэрбачання» з гонарам заяўляецца, што «сусветнае шоу № 1 зноў у Расіі». Праўда, арыгінальнае «Інтэрбачанне» ў Расіі ніколі не праводзілася.
Расія ўжо спрабавала адрадзіць «Інтэрбачанне». У 2008 годзе ў Сочы прайшоў конкурс «Пяць зорак. Інтэрбачанне», у якім ўзялі ўдзел 11 краін. Галоўны прыз атрымала прадстаўніца Таджыкістана Тахміна Ніязава.
«Інтэрбачанне-2009» павінна было прайсці ў Душанбэ, але гэтага так і не здарылася.
Як пройдзе конкурс
«Інтэрбачанне» пройдзе на Live Arena ў Маскве, жывую трансляцыю ў Расіі будзе паказваць Першы канал. Пачнецца ўсё а 20-й.
У рамках конкурсу прадстаўнікі больш чым 20 краін будуць выконваць песні даўжынёй ад дзвюх да трох хвілін. Песні, паводле рэгламенту, павінны быць у жанры папулярнай музыкі, пры гэтым «вітаецца этнічныя і фальклорныя ўстаўкі/сэмплы ў песні, якія адлюстроўваюць культуру сваёй краіны».
Сапраўды, у многіх прадстаўленых на конкурс кампазіцыях — асабліва з краін Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу і Афрыкі — прысутнічаюць народныя матывы (ці па меншай меры тое, што для непадрыхтаванага гледача гучыць як народныя матывы).
У гэтым сэнсе расійскі нумар — песня Яраслава Дронава, больш вядомага як SHAMAN, «Проста па сэрцы», — хутчэй не адпавядае заяўленай мэце.
Затое SHAMAN цалкам адпавядае патрабаванням да ўдзельніка: «нацыянальная зорка» старэйшая за 16 гадоў, мае «максімальны ахоп у краіне і высокі індэкс папулярнасці», нацыянальныя музычныя прэміі і гэтак далей.
Выбіраць пераможцу будзе прафесійнае журы, якое складаецца з музычных экспертаў з краін-удзельніц. Пераможца атрымае 30 млн расійскіх рублёў (прыкладна 350 тыс. даляраў) у любой валюце па курсе ЦБ на дзень плацяжу, а таксама крыштальны кубак.
Поўнага спісу журы на сайце конкурсу пакуль няма. Вядома, што Расію прадставіць прадзюсар групы «Любэ» Ігар Мацвіенка, а Беларусь — генеральны прадзюсар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Шлягер.
Удзельнікі
Паводле рэгламенту, для ўдзелу ў конкурсе трэба як мінімум 16 краін: «пераважна краіны, якія ўваходзяць у склад міждзяржаўнага аб'яднання БРІКС, ЕАЭС, СНД, а таксама краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі», тлумачыцца ў рэгламенце.
У «Інтэрбачанні-2025» прымуць удзел прадстаўнікі 23 краін, ад Беларусі і Казахстана да Кубы і Індыі. Толькі адна з іх — Сербія — таксама ўдзельнічае ў «Еўрабачанні». На конкурсе ў Маскве яе прадставіць заснавальнік групы Balkanopolis Слабадан Тркуля.
Ад Беларусі ўдзельнічае Анастасія Краўчанка.
Самым нечаканым стала з'яўленне ў спісе ўдзельнікаў ЗША. Арганізатары конкурсу пацвердзілі ўдзел Злучаных Штатаў у чэрвені, а прадстаўнік краіны стаў вядомы ў канцы жніўня: ім стаў спявак Брэндан Ховард. Ён павінен быў выступіць з песняй «We are champions».
Аднак усяго за некалькі дзён да конкурсу — і ўжо пасля лёсавання, якое вызначыла парадак выступу ўдзельнікаў, — Ховард сказаў, што не зможа прыняць удзелу ў «Інтэрбачанні» з-за «непрадбачаных сямейных абставін».
Яго замяніла аўстралійская спявачка грэчаскага паходжання Vassy.
«Спявачка актыўна ўдзельнічае ў сацыяльных ініцыятывах, уключаючы музычную адукацыю для моладзі і прасоўванне «зялёных» тэхналогій», — так яе апісвае афіцыйны тэлеграм-канал конкурсу.
Праўда, гэтае апісанне замоўчвае аб падтрымцы спявачкай амерыканскай НКА NoH8, якая выступае за правы ЛГБТК-персон. Аб падтрымцы ЛГБТК+ — прызнанай у Расіі экстрэмісцкай арганізацыяй — сама Vassy неаднаразова пісала ў сваім інстаграме.
У склад прафесійнага журы ад ЗША ўвойдзе спявак, былы ўдзельнік груп Deep Purple і Rainbow Джо Лін Тэрнер. Аб яго ўдзеле арганізатары паведамілі 17 верасня, неўзабаве пасля аб'явы аб замене Ховарда на Vassy.
Тэрнер вядомы не толькі сваім голасам, але і падтрымкай расійскай улады.
«Я нашу пярсцёнак з гербам Расіі, бо я ведаю, што праўда жыве ў Расіі. Я бачу, што Расія адраджаецца і становіцца моцнай», — казаў ён у 2015 годзе перад выступам у анексаваным Крыме. Тэрнер жанаты на беларусцы, і нейкі час яны жылі на яе радзіме.
Крыху раней, 9 верасня, арганізатары «Інтэрбачання» назвалі іншага члена журы ад ЗША: прадзюсара Араза Мамета (вучыўся ў МДУ ў 1987—1993 гадах), які працаваў з Брэнданам Ховардам. Афіцыйна аб адмове Мамета ад удзелу ў конкурсе не паведамлялася, але мяркуючы па ўсім, Тэрнер прыйшоў на замену менавіта яму.
Хто пераможа?
Відавочнага фаварыта сярод удзельнікаў конкурсу няма — у першую чаргу таму, што «Інтэрбачанне» прыцягвае куды менш увагі, чым «Еўрабачанне» з дзясяткамі фанацкіх сайтаў, груп і супольнасцяў.
Прадзюсар Макс Фадзееў, аўтар кампазіцыі, з якой на «Інтэрбачанні» выступіць SHAMAN, адзначае ўдзельнікаў з Казахстана, Кыргызстана і Кітая. Музычны крытык Сяргей Саседаў таксама высока ацэньвае прадстаўніка Казахстана Ернара Садзірбаева.
Член журы ад Расіі Ігар Мацвіенка выказаў упэўненасць, што SHAMAN увойдзе ў топ-5 удзельнікаў па выніках галасавання.
У VK-відэа на момант напісання гэтай нататкі выкладзены толькі 10 нумароў удзельнікаў. Чатыры з іх набралі крыху больш за 120 тысяч праглядаў: Кыргызстан, Куба, Венесэула і Эфіопія.
Праўда, гэта гаворыць не столькі аб іх папулярнасці, колькі аб тым, што іх выклалі раней за ўсіх: песня прадстаўнікоў Таджыкістана, напрыклад, з'явілася ў сэрвісе ўсяго дзень таму.
У YouTube, які расійскія ўлады запавольваюць ужо другі год, выкладзена і таго менш кампазіцый — усяго дзевяць. Відэа SHAMAN набрала 27 тыс. праглядаў, і гэта на парадак больш, чым усе астатнія.
Букмекеры тым часам ставяць на Расію, і ў крыху меншай ступені — на Кітай.