34 гады таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі
19 верасня 1991 года гістарычная сімволіка была прызнана дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў пасля краху СССР Вярхоўны Савет Беларусі 12‑га склікання.
Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да рэферэндуму 1995 года, калі замест яе вярнулі савецкія сімвалы.
Раней бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, што абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і выкарыстоўвала азначэнне «беларускі».
Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.
У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».
«Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.
Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.
Бел-чырвона-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара. Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.
Бел-чырвона-белую стужку ў 1917‑м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.
У снежні 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзінадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусі. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
За саветамі ж сцяг быў забаронены, а пасля падзей 2020 года ў Беларусі яны пад забаронай, а людзей караюць суткамі нават за сцягі і герб на аватарках, або ў калоніях прымумаюць зразаць «Пагоню» з цела