Расіяне скінулі бомбу на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці, загінула пяць чалавек
Раніцай 18 верасня расійская авіяцыя нанесла ўдар па горадзе Канстанцінаўка ў Данецкай вобласці. Паводле паведамлення Нацыянальнай паліцыі Украіны, каля 10‑й гадзіны была скінута авіябомба ФАБ-250 на жылую зону.
Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны
У выніку загінулі пяць чалавек: жанчыны 62 і 65 гадоў і трое мужчын ва ўзросце 65, 67 і 74 гадоў. Пашкоджаныя чатыры шматкватэрныя дамы. Пачата расследаванне па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны.
Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў, што ў Канстанцінаўцы яшчэ застаюцца каля 6 тысяч жыхароў, хоць горад штодзень падвяргаецца не менш як дзесяці авіяўдарам. Паводле яго слоў, апошнюю бальніцу, якая там працавала, нядаўна эвакуявалі, і праз некалькі дзён будынак быў цалкам разбомблены. Чыноўнік заклікаў мясцовых жыхароў эвакуявацца на фоне ўзмацнення расійскага наступлення.
Да вайны ў Канстанцінаўцы жылі больш за 67 тысяч чалавек, горад лічыўся цэнтрам шкляной прамысловасці Украіны.
Гэта не першы падобны выпадак у рэгіёне. 9 верасня расійскія войскі скінулі авіябомбу на пасёлак Яравая, дзе ў той момант выдавалі пенсіі. Тады загінулі 25 чалавек. Цяпер у Данецкай вобласці працягваецца прымусовая эвакуацыя сем’яў з дзецьмі: па стане на 17 верасня ў дзевяці населеных пунктах усё яшчэ застаюцца 1603 дзіцяці.
На кантраляванай Украінай тэрыторыі вобласці жывуць каля 210 тысяч чалавек, у тым ліку не менш за 15,2 тысячы дзяцей. У зоне актыўных баёў застаюцца 20 грамад, дзе жывуць амаль 18 тысяч мірных жыхароў.
Чытайце таксама:
Мінабароны Расіі паказала карту, на якой Адэская і Мікалаеўская вобласці аддзеленыя ад Украіны